У Міжнародны дзень сям'і, які быў устаноўлены Генеральнай Асамблеяй ААН у 1993 годзе і адзначаецца 15 мая, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе свае віншаванні.
Дарагія браты і сёстры!
Шчыра віншую ўсіх вас з Днём сям'і.
Гэтае свята ўжо 18-ы раз адзначаецца нашымі суайчыннікамі, сведкамі традыцыйных сямейных каштоўнасцей.
Ідэалы моцнай і дружнай сям'і, шлюб як благаславёны саюз мужчыны і жанчыны, павага да пажылых людзей, святасць мацярынства і любоў да дзяцей важныя для мільёнаў грамадзян нашай любай Беларусі незалежна ад іх рэлігійнай ці палітычнай прыналежнасці. Сям'я — гэта падмурак грамадства, залог яго дабрабыту і духоўнага здароўя. У сямейным коле чалавек, акружаны клопатам родных, пачынае пазнаваць навакольны свет, атрымлівае маральнае выхаванне і адукацыю. Сям'я паклікана стаць школай любові для дзіцяці, якое потым, уваходзячы ў дарослае жыццё, перадасць гэты вопыт сваім дзецям. Касцёл і дзяржава — гэта сям’я сем’яў.
Жадаю ўсім сем’ям нашай Бацькаўшчыны і кожнаму з нас духоўнага спакою і паўнаты фізічных сіл. Малітвамі Найсвяцейшай Багародзіцы, Каралевы сем’яў, няхай Пан Бог захавае нашу краіну і наш народ ва ўсякай пабожнасці і годнасці (гл. 1 Цім 2, 2).
З дарам малітвы
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі