13 мая біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў шчучынскай парафіі Маці Божай Фацімскай. У гэты дзень там адзначалася парафіяльная ўрачыстасць.
У касцёле гэтай парафіі знаходзіцца фігура Маці Божай Фацімскай, ён з’яўляецца санктуарыем.
Сакрамэнт канфірмацыі быў удзелены на святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп. Да канфірмацыі прыступілі маладыя вернікі парафіі.
У гаміліі біскуп сказаў, што “сярод нас усё яшчэ гучыць рэха падзей больш чым стогадовай даўніны з партугальскай Фацімы”, маючы на ўвазе фацімскае аб’яўленне Маці Божай. Па яго словах, гэтае рэха “заклікае да навяртання, малітвы, любові”, а тая падзея “глыбока ўзрушыла тагачасны свет і не перастае ўзрушваць яго”.
Іерарх дадаў, што ў фацімскім аб’яўленні “пасланне Маці Божай было было простае, але глыбокае: яно заклікала да штодзённай малітвы, асабліва ружанцовай, да пакаяння, навяртання і ўміласціўлення Бога за грахі людзей”. Біскуп адзначыў, што сёння гэта “застаецца актуальным больш, чым калі-небудзь”: “Паглядзім, у якім свеце мы жывём: пастаянныя войны, узброеныя канфлікты, паглыбленне секулярызацыі, падзелы, нянавісць, недавер, адзінота, крызіс сям’і і веры. Усё гэта робіць для нас пасланне з Фацімы – гэты заклік да малітвы, пакаяння і навяртання – маяком у цемры”. “У Фаціме Марыя аб’явілася як Маці, поўная болю, але і надзеі, – сказаў іерарх. – Яна знайшла шлях да свету, поўнага граху. Яе мацярынскі заклік да прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу ўсяго свету быў і застаецца ратункам для чалавецтва”.
Біскуп адзначыў, што ў фацімскім аб’яўленні Маці Божая казала: “Зрабіце ўсё, што Ён (Езус Хрыстус) вам скажа”, і дадаў, што гэтыя словы важныя таксама для канфірмаваных. “У гэтых словах змяшчаецца ўся сутнасць духоўнага жыцця хрысціяніна. Марыя не канцэнтруе ўвагу на сабе, а вядзе да Езуса. Яна Маці, але і Правадырка – ціхая, пакорлівая, але рашучая”, – патлумачыў ён.
Іерарх сказаў, што ў канфірмацыі Езус хоча “зрабіць сэрцы адважнымі і ўпэўненымі”. Біскуп заклікаў канфірмаваных “не баяцца быць вучнямі Езуса” і дадаў, што ў іх ёсць “Дух Святы – Дух сілы, а не страху”. Іерарх пажадаў, каб іх сустрэча з Духам Святым “не была аднамомантнай”: “Ён хоча быць з вамі заўсёды – у малітвах, рашэннях, адносінах. А Марыя? Яна вас не пакіне. Яна, Абранніца Духа Святога, будзе заўсёды побач, каб вас весці”. Біскуп папрасіў канфірмаваных маліцца Ружанец, заўважыўшы, што гэта “простая малітва, але яна мае велізарную сілу – змяняе сэрца, дорыць супакой, ахоўвае ад зла”.
“Свету патрэбны сведкі, а не толькі настаўнікі, – сказаў іерарх канфірмаваным. – Сёння Касцёл не пытаецца ў вас пра вялікія справы. Ён пытаецца: “Ці ўмееш ты маліцца?”, “Ці верны ты нядзельнай святой Імшы?”, “Ці ўмееш добра казаць пра іншых?”, “Ці маеш адвагу сказаць “не”, калі свет кажа “так”?” “Вось што такое сапраўднае сведчанне. І яно пачынаецца тут і цяпер – з рашэння жыць па-Божаму. Канфірмацыя – не канец, як часта памылкова ўспрымаецца, а пачатак дарослага жыцця ў Касцёле. Таму заклікаю вас: не пакідайце гэтай супольнасці, – дадаў біскуп. – Касцёл жывы і дынамічны, калі моладзь прымае Духа Святога і ідзе з Хрыстом”.
У межах святкавання парафіяльнай урачыстасці адбылася працэсія з фігурай Маці Божай Фацімскай. У працэсіі неслі свечкі, спявалі і маліліся.
Канфірмаваныя выказалі падзяку біскупу і святарам, якія рыхтавалі іх да прыняцця сакрамэнту, і сказалі, што хочуць падтрымліваць дух веры, заўсёды прабываючы з Богам. Пробашч а. Аляксандр Махнач SP падзякаваў прысутным за ўдзел у супольнай малітве, а маладых парафіян заклікаў трываць у веры і супрацоўнічаць з Божай ласкай.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі