9 мая 2025 года Папа Леў XIV узначаліў святую Імшу за Касцёл. Літургія на завяршэнне канклава прайшла ў Сікстынскай капэле Апостальскага палаца ў Ватыкане. Разам з новым Папам малілася Калегія кардыналаў.
“Ты – Хрыстус, Сын Бога жывога” (Мц 16,16). Гэтымі словамі Пётр, калі Настаўнік спытаўся яго разам з іншымі вучняў пра іх веру ў Яго, выказвае ў сціслай форме той скарб, які ўжо дзве тысячы гадоў Касцёл захоўвае, паглыбляе і перадае праз апостальскую пераемнасць”, - такімі словамі Леў XIV пачаў сваю першую гамілію, прамоўленую ў якасці Папы.
Пантыфік нагадаў, што Езус – гэта адзіны Збаўца і той, хто адкрывае аблічча Бога Айца. У Ім Бог паказаў “узор святой чалавечнасці, якую мы ўсе можам пераймаць, і абяцанне вечнага лёсу, што пераўзыходзіць усе нашы абмежаванні і здольнасці”.
“У сваім адказе Пётр бачыць гэтыя дзве рэчаіснасці: Божы дар і шлях, які трэба прайсці, каб дазволіць Яму перамяніць нас – гэта неад’емныя вымярэнні збаўлення, даручаныя Касцёлу, каб абвяшчаў іх дзеля дабра ўсяго чалавецтва”, - сказаў Святы Айцец, падкрэсліўшы, што гэта заданне датычыць усіх ахрышчаных.
“Цяпер жа Бог, праз ваш выбар, паклікаўшы мяне быць пераемнікам першага з апосталаў, асабліва даручае гэты скарб мне, каб з Яго дапамогай быў Яго верным слугой (пар. 1 Кар 4,2) на карысць усяго містычнага цела Касцёла; каб ён усё больш станавіўся горадам, што стаіць на гары (пар. Ап 21,11), каўчэгам збаўлення, што плыве сярод хваляў гісторыі, маяком, які асвятляе ночы свету. І не дзякуючы велічы структур ці грандыёзнасці будынкаў – як напрыклад, гэтых помнікаў, у якіх мы знаходзімся – але дзякуючы святасці сваіх членаў, таго “люду, узятага Богам ва ўласнасць, каб абвяшчаць цноты таго, хто паклікаў вас з цемры ў цудоўнае сваё святло” (1 П 2,9), - сказаў Папа.
Пантыфік нагадаў кардыналам, што падчас размовы з Пятром Езус спытаўся: “Кім людзі лічаць Сына Чалавечага?” (Мц 16,13). Ён адзначыў, што гэта “не другаснае пытанне, але яно датычыць важнага аспекта нашага служэння: рэальнасці, у якой мы жывём, з усімі яе абмежаваннямі і магчымасцямі, з яе пытаннямі і перакананнямі”.
Кажучы пра магчымыя адказы на гэта пытанне, Леў XIV падкрэсліў, што першы – гэта адказ “свету”. “Евангеліст Мацвей падкрэслівае, што размова Езуса з вучнямі пра Яго асобу адбываецца ў цудоўным мястэчку Цэзарэя Філіпава — багатым на раскошныя палацы, размешчаным пасярод маляўнічага прыроднага краявіду, каля падножжа гары Хермон. Але ў той жа час гэта і месца, дзе канцэнтруецца жорсткая ўлада, дзе здрада і нявернасць – звычайная з’ява. Гэты вобраз распавядае пра свет, які лічыць Езуса нязначнай асобай, у лепшым выпадку – цікавым чалавекам, здольным здзівіць незвычайнай манерай гаварыць і дзейнічаць. Але калі Яго прысутнасць становіцца занадта нязручнай – праз Яго заклік да сумленнасці і маральных патрабаванняў – гэты “свет” без вагання адкідае Яго і забівае”, - заўважыў Папа.
Другі магчымы адказ на пытанне Езус даюць простыя людзі, для якіх Назаранін быў чалавекам справядлівым, мужным, тым, хто гаворыць добра і правільна, як іншыя вялікія прарокі ў гісторыі Ізраэля. “Таму яны ідуць за Ім – па меншай меры, пакуль гэта не надта небяспечна і не звязана з нязручнасцямі. Але яны бачаць у Ім толькі чалавека, і таму, калі надыходзіць небяспека, падчас Мукі, яны таксама Яго пакідаюць і адыходзяць, расчараваныя”, - нагадаў Пантыфік.
“Уражвае, наколькі гэтыя два стаўленні застаюцца актуальнымі. Яны ўвасабляюць ідэі, якія мы лёгка можам сустрэць і сёння – магчыма, выказаныя іншай мовай, але па сутнасці вельмі падобныя – на вуснах многіх мужчын і жанчын нашага часу”, - сказаў Святы Айцец.
Папа нагадаў, што “і сёння нямала асяроддзяў, дзе хрысціянская вера лічыцца нечым абсурдным, справай для слабых і недалёкіх людзей; асяроддзяў, у якіх замест веры аддаюць перавагу іншым формам бяспекі – такім як тэхналогіі, грошы, поспех, улада, асалода”.
“Гэта тыя асяроддзі, у якіх цяжка сведчыць і абвяшчаць Евангелле, дзе веруючыя людзі часта становяцца аб’ектам насмешак, пераследу, пагарды, ці ў лепшым выпадку – цярплівага прыняцця або шкадавання. І тым не менш, менавіта таму гэтыя месцы патрабуюць місіянерства, бо адсутнасць веры часта прыносіць з сабой такія драмы, як страта сэнсу жыцця, забыццё пра міласэрнасць, парушэнне чалавечай годнасці ў самых драматычных яе праявах, крызіс сям’і і шмат іншых ран, ад якіх пакутуе наша грамадства”, - сцвердзіў ён.
Пантыфік нагадаў таксама пра асяроддзі, “у якіх Езуса, хоць шануюць як чалавека, але зводзяць толькі да ролі харызматычнага лідара або звышчалавека – і гэта адбываецца не толькі сярод няверуючых, але і сярод многіх ахрышчаных, якія фактычна жывуць у практычным атэізме”.
“Гэта і ёсць той свет, які нам даручаны, у якім, як не раз навучаў папа Францішак, мы пакліканы сведчыць радасную веру ў Езуса, Збаўцу. Таму і для нас жыццёва важна паўтараць: “Ты – Хрыстус, Сын Бога жывога” (Мц 16,16). І важна рабіць гэта найперш у нашых асабістых адносінах з Ім, на штодзённым шляху навяртання. А таксама – як Касцёл – у супольным перажыванні прыналежнасці да Пана і ў нястомным нясенні Яго Добрай Навіны ўсім”, - дадаў Леў XIV.
“Кажу гэта найперш для сябе, як наступніка Пятра, на пачатку майго служэння Біскупа Касцёла ў Рыме, пакліканага – паводле вядомага выразу святога Ігнацыя Антыяхійскага – старшынстваваць у любові ў Паўсюдным Касцёле (пар. Ліст да Рымлянаў, Вітанне). Ён, прывезены ў ланцугах у гэты горад, месца свайго хуткага мучаніцтва, пісаў хрысціянам, якія тут жылі: “Тады я сапраўды стану вучнем Езуса Хрыста, калі свет больш не будзе бачыць майго цела” (Ліст да Рымлянаў, IV, 1). Ён меў на ўвазе, што яго разарвуць звяры ў цырку – і так і сталася – але яго словы ўказваюць і на больш шырокае разуменне, якое з’яўляецца неад’емным абавязкам для кожнага, хто ў Касцёле нясе служэнне ўлады: знікнуць, каб застаўся Хрыстус; зрабіцца малым, каб Яго пазналі і праслаўлялі (пар. Ян 3,30); аддаць сябе цалкам, каб ніхто не быў пазбаўлены магчымасці Яго спазнаць і палюбіць”, - сказаў новы Папа, завяршаючы гамілію просьбай аб дапамозе Багародзіцы.