Skip to main content

Канклаў распачаўся – кардыналы выбіраюць Папу

cq5dam.thumbnail.cropped.1000.563 17 мая 2025 года ў Ватыкане распачаўся канклаў, на якім будзе абраны 267-ы Папа. Пра вынік першага галасавання абвесціць дым з коміну над Сікстынскай капэлай, які павінен з’явіцца каля 19.00 па цэнтральнаеўрапейскім часе.

У Сікстынскую капэлу ўвайшлі 133 з 135 кардыналаў-выбаршчыкаў. Два іерархі – кенійскі кардынал Джон Нджуэ і іспанскі кардынал Антоніа Канізарэс Лавэра – не будуць прымаць удзел у выбарах Пантыфіка па прычынах, звязаных са станам здароўя.

Цырымонія ўваходу на канклаў распачалася малітвай кардыналаў у Паўлінскай капэле Апостальскага палаца. Яе правёў кардынал П'етра Паралін, былы Дзяржаўны сакратар. Пасля завяршэння малітвы іерархі ў працэсіі пад спеў Літаніі да ўсіх святых павольна накіраваліся ў Сікстынскую капэлу.

Увайшоўшы ў старажытную капліцу, распісаную фрэскамі Мікеланджэла, яны занялі свае месцы, а пасля гімну да Святога Духа “Veni Creator Spiritus” і кароткай малітвы ў цішыні прыступілі да цырымоніі складання прысягі.

Напачатку кардыналы сумесна паабяцалі верна прытрымлівацца нормаў Апостальскай канстытуцыі “Universi Dominici Gregis”, абараняць духоўныя і зямныя правы, а таксама свабоду Святога Пасаду ў выпадку абрання Папам, захоўваць таямніцу, якая абавязвае ўдзельнікаў канклава, і не аказваць паслуг знешнім сілам, што жадалі б уплываць на выбары Пантыфіка. Пасля супольнай прысягі кожны з іерархаў пацвердзіў яе асабіста.

Затым магістр Папскіх літургічных цэлебрацый, арцыбіскуп Дыега Равэлі, прамовіў словы “Extra omnes” (Усім выйсці), пасля чаго асобы, якія не ўдзельнічаюць у канклаве, пакінулі Сікстынскую капэлу.

Перш чым распачаць працэдуру выбару Пантыфіка, іерархі выслухаюць медытацыю аб важнасці задання, ускладзенага на іх, падрыхтаваную кардыналам Раньера Канталамесам. Пасля завяршэння прамовы 90-гадовы былы прапаведнік Папскага дома, які ўжо страціў права ўдзелу ў канклаве, разам з магістрам літургічных цэлебрацый таксама пакінуць Сікстынскую капэлу. Яе дзверы будуць зачынены на ключ, а ахоўваць ўваход будзе варта швейцарскіх гвардзейцаў.

Паводле Vatican News