4 мая ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных у Барунах адбыліся святкаванні з нагоды Дня маці. Гэтае свята праходзіць у Гродзенскай дыяцэзіі ў першую нядзелю мая.
У санктуарый прыбыла пешая пілігрымка Ашмянскага дэканату. Гэтая пілігрымка ў гонар дыяцэзіяльнага Дня маці праводзіцца ў гэты дзень ужо шмат гадоў. Пілігрымка выйшла ад ашмянскага касцёла св. Арханёла Міхала, у ёй удзельнічалі пробашч гэтай парафіі кс. Ян Варанецкі і кс. Станіслаў Вашкевіч SAC, які ў яе ходзе дзяліўся з пілігрымамі сваім досведам і верай.
Кусташ санктуарыя кс. Павел Паўлюкевіч сустрэў пілігрымаў, прамоклых пад дажджом, але радасных, у барунскай святыні.
У санктуарыі адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, на якой прысутныя мелі магчымасць у цішыні і роздуме даручыць Езусу Хрысту праз заступніцтва Маці Божай сваё жыццё і справы.
Потым адбылася святая Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Асаблівай малітвай іерарх агарнуў на літургіі ўсіх маці.
Біскуп нагадаў пра тое, каб кожная маці клапацілася пра рэлігійнае выхаванне сваіх дзяцей.
У гаміліі іерарх падкрэсліў, што ў духоўным жыцці ніхто не з’яўляецца сіратой, бо ва ўсіх ёсць Маці Божая – Марыя.
Біскуп адзначыў, што зямная маці клапоціцца аб тым, каб накарміць, апрануць, суцешыць, супакоіць сваё дзіця, даць яму адукацыю, і тое ж робіць нябесная Маці.
Па яго словах, Маці Божая карміла Езуса, праз якога корміцца ўвесь свет, і хоча, каб людзі карміліся Яго Целам; Яна апранула Езуса ў Сваё цела і клапоціцца аб тым, каб людзі не хадзілі ў “забруджанай вопратцы” – у грахах, – а часта прыходзілі да “святой купелі”, якой з’яўляецца споведзь. Маці Божая, як дадаў біскуп, з’яўляецца плодам мудрасці, таму навучае жыццёвай мудрасці і людзей; Яна стаіць ля брам Неба і глядзіць на людзей, неадкладна прыходзіць на дапамогу, калі чалавеку гэта патрэбна.
“Свет без Марыі і Божага Сына быў бы жудаснай турмой”, – сказаў біскуп. Ён заахвоціў ахвяроўваць Маці Божай сваё жыццё і ўсім сэрцам палюбіць Яе, як святыя Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса, Станіслаў Костка, Бернард, Максімільян Кольбэ.
Касцёл у Барунах знаходзіцца ў ліку тых святынь, якія ў межах Юбілейнага 2025 года аб’яўлены юбілейнымі і за пілігрымаванне ў якія альбо за пабожнае наведванне якіх можна атрымаць поўны адпуст. Таму пасля Імшы прысутныя прамовілі перад цудадзейным абразом Маці Божай Барунскай у санктуарыі малітву, патрэбную для атрымання адпусту.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі