4 мая адбылася пешая пілігрымка з Гродна ў санктуарый Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай у Капцёўцы. Гэтая пілігрымка традыцыйна праводзіцца з нагоды Дня маці, які адзначаецца ў Гродзенскай дыцэзіі ў першую нядзелю мая.
Узначаліў пілігрымку вікарый гродзенскай парафіі Святога Духа кс. Андрэй Юхнік. У ёй удзельнічалі ў першую чаргу маці і бабулі, а таксама студэнты прапедэўтычнага, першага і другога курсаў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне разам з мадэратарам прапедэўтычнага курса кс. Паўлам Скубам.
Пілігрымка выйшла ад капліцы парафіі Святога Духа. Студэнт семінарыі Яраслаў Булко кажа: “Удзельнікі гэтага падарожжа з жахам думалі пра прагноз надвор’я, бо сіноптыкі абяцалі дождж”. Прагноз не спыніў пілігрымаў, але дождж сапраўды пачаўся адразу, як пасля благаслаўлення яны вырушылі ў дарогу. “Спачатку ён быў невялічкі, але з кожнай хвілінай станавіўся мацней. Парасоны і дажджавікі спачатку дапамагалі, але з цягам часу вада пранікала ўсюды, асабліва ў абутак, бо лужыны былі вялікія. Але і гэта не стала перашкодай, бо вернікі разумелі: яны робяць гэта не проста так, а кожны ў сваёй інтэнцыі да Маці Божай”, – паведамляе Яраслаў.
Распачаўшы шлях у 8.30, пілігрымы дабраліся да мэты вандравання ўжо ў 11 гадзін, хоць планавалася пазней. “Але кожны раз, калі прапаноўваўся прыпынак, дождж станавіўся мацней, як бы гаворачы: “Вам трэба ісці хутчэй”, – распавядае Яраслаў Булко. – Але гэта было нагодай, каб болей пабыць у касцёле, трошкі прасохнуць, памаліцца і падзякаваць Богу і Маці Божай”.
Мадэратар прапедэўтычнага курса Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Павел Скуба ўзначаліў у санктуарыі Імшу, а вікарый гродзенскай парафіі Святога Духа кс. Андрэй Юхнік прамовіў казанне, якое датычыла мацярынства. Святар звярнуўся да ўсіх маці, адзначыўшы, што ў кожнай з іх цяжкі жыццёвы шлях, пастараўся супакоіць іх сэрцы і падкрэсліў важнасць, складанасць, але і вялікую прыгажосць шляху мацярынства.
Пасля Эўхарыстыі пілігрымы сабраліся за супольным абедам.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі