Skip to main content

Дзень маці адзначылі ў дыяцэзіяльным санктуарыі ў Тракелях

trokeli dzen maci 64 мая ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) прайшлі святкаванні з нагоды Дня маці. Гэтае свята адзначаецца ў Гродзенскай дыяцэзіі ў першую нядзелю мая.

Месяц май у Каталіцкім Касцёле прысвечаны Панне Марыі. Дыяцэзіяльны Дзень маці, які святкуецца ў гэтым месяцы, з’яўляецца магчымасцю выказаць мамам любоў і ўдзячнасць.

На дыяцэзіяльным святкаванні ў санктуарыі прысутнічалі мамы з Радунскага, Іўеўскага, Лідскага і Шчучынскага дэканатаў. Свята пачалося адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту перад цудадзейным абразом Маці Божай.

Імшу ў межах свята канцэлебравалі кусташ санктуарыя кс. Уладзіслаў Сурвіла і пробашч лідскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі а. Віталій Слука SP. На літургіі маліліся за ўсіх маці, у тым ліку спачылых.

“Як добра і лагодна на душы, калі цябе абдымае мама! Як спакойна і ўтульна каля матчынага сэрца! Усе праблемы адразу забываюцца, бо ведаеш, што ты ў бяспецы, калі з табою побач родны чалавек, – сказаў у гаміліі кусташ санктуарыя. – Маці – чалавек, які падарыў табе жыццё, стаў тваёй лепшай сяброўкай, моцным плячом у цяжкія хвіліны, мяккай падушкай, у якую можна паплакаць… Маці – гэта цяпло, якое грэе цябе заўсёды”.

Пасля Эўхарыстыі кусташ запрасіў гасцей у Дом пілігрыма на абед, прыгатаваны, як і ў мінулыя гады, мясцовымі парафіянкамі. Потым у касцёле адбыўся Крыжовы шлях.

Па словах удзельніц, пасля заканчэння свята яны спяшаліся занесці сваім блізкім часцінку цеплыні і дабрыні, якую атрымалі на сёлетнім Дні маці. Кусташ запэўніў мамаў, што санктуарый чакае іх на гэтым свяце ў наступным годзе.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі