Skip to main content

Біскуп Уладзімір Гуляй удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў гродзенскай парафіі Адшукання Святога Крыжа

bezmowanie bernardyny 144 мая біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў парафіі Адшукання Святога Крыжа ў Гродне.

Сакрамэнт быў удзелены на святой Імшы, якую цэлебраваў біскуп. Да канфірмацыі прыступілі больш за 30 чалавек, падрыхтаваныя катэхетамі, якія прыклалі ўсе старанні, каб тыя прынялі сакрамэнт свядома і з верай.

Пробашч кс. канонік Ян Пузына прывітаў усіх, хто сабраўся ў парафіяльным касцёле, які з’яўляецца найстарэйшай каталіцкай святыняй Гродна.

У гаміліі біскуп нагадаў, што пасля смерці Езуса Хрыста апосталам здавалася, нібы ўсё ўжо скончана, і што ім не ўдалася нават прывычная лоўля рыбы. “Апосталы хацелі забыцца пра Езуса, аддаючыся працы. Хацелі сцерці з памяці прыгожую прыгоду з Богам. Яны працуюць удзень і ўначы, але ўсё марна, – патлумачыў біскуп. – Бог дае сэнс усяму, з чым чалавек сустракаецца, што ён перажывае, што яго радуе і кранае”.

bezmowanie bernardyny 8

Іерарх падкрэсліў, што “Бог не забывае чалавека”. Ён адзначыў, што Езус, прыйшоўшы пасля свайго ўваскрасення да апосталаў, звярнуўся да іх так: “Дзеці, ці маеце што з’есці?” і што “ўражвае пяшчотнасць гэтых слоў, прычым звяртаецца Ён да дарослых мужчын, людзей мора”. Біскуп дадаў, што пяшчотныя словы, ад якіх не адмаўляецца і Езус, наогул важныя і трэба клапаціцца аб тым, каб іх у размовах станавілася больш: “Яны як прамень сонца ў цяжкія дні. Яны не выганяць цемру цалкам, але на момант яе рассеюць, каб мы зноў пабачылі блакіт неба”.

Апісваючы прыход Хрыста да апосталаў і размовы з імі, біскуп адзначыў: “Перад Богам не трэба прыкідвацца, што ўсё інакш, чым насамрэч. Тое, што Ён пытаецца, не значыць, што Ён не ведае, як ёсць. Ён хоча, каб мы самі сказалі Яму, як сябе адчуваем, што нам балюча, чаго баімся, у чым маем патрэбу. Калі на малітве я распавядаю Богу пра сваё жыццё, гэта не значыць, што я Яму паведамляю нешта, пра што Ён не ведаў. Ён хоча, каб я прамовіў гэта, каб я выказаў словамі тое, што адчувае маё сэрца”.

Каментуючы фрагмент Пісання, дзе Езус кажа апосталам, куды закінуць сеткі для новай лоўлі, біскуп патлумачыў: “Бог заўсёды мае рашэнні нашых цяжкасцяў, але не жадае вырашаць іх без нас – чакае супрацоўніцтва, патрабуе паслухмянасці. (…) Ён хоча, каб і чалавек будаваў адносіны з Ім на любові, а не толькі на логіцы, якая заўжды пытае: як, чаму, навошта, з якой прычыны?”

Біскуп адзначыў, што ў звернутых да апосталаў словах Хрыста: “Хадзіце ж, снедайце!” – запрашэнне сілкавацца “не толькі хлебам, але і блізкасцю, сяброўствам, узаемнай дапамогай”. “У свеце, дзе ўсё больш расце індывідуалізм, які ў крайняй форме можа перайсці ў эгаізм і засяроджанасць толькі на ўласных патрэбах, Уваскрослы Хрыстус запрашае нас да Сябе, заклікае, каб і мы запрашалі іншых у наша жыццё, былі адкрытымі на тых, хто знаходзіцца ў патрэбе”, – сказаў іерарх.

Ён нагадаў вернікам, якія прыступалі да канфірмацыі, што яны, як і апосталы ў той час, запрашаюцца да глыбейшага, больш свядомага жыцця ў Хрысце.

“Канфірмацыя – гэта не толькі ўмацаванне веры, гэта таксама заклік узяць адказнасць за Касцёл, за супольнасць, за іншых людзей”, – дадаў біскуп. Па яго словах, сапраўды выказаць сваю любоў да Езуса ў адказ на Яго запрашэнне, якое гучыць у сакрамэнце канфірмацыі, можна толькі дзякуючы дапамозе Духа Святога.

Іерарх падкрэсліў, што Дух дапаможа канфірмаваным “быць сведкамі Езуса ў свеце, які часта забываецца пра каштоўнасці, якія з’яўляюцца асновай нашай веры”. “Як Пётр, які пасля Уваскрасення стаў адважным прапаведнікам Евангелля, так і вы, дзякуючы Духу Святому, зможаце адважна і мудра казаць аб Езусе словам і прыкладам жыцця”, – адзначыў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.

У канцы літургіі парафіяне, якія прыступілі да канфірмацыі, выказалі ўдзячнасць Богу за Яго нястомны клопат аб сваіх дзецях і за ўмацаванне іх у веры, якое Ён дае ў сакрамэнтах, а таксама падзякавалі біскупу, сваім святарам і катэхетам. Канфірмаваныя паабяцалі выконваць абавязкі, якія вынікаюць з гэтага сакрамэнту, – бараніць веру, паступаць паводле яе і жыць ёю.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі