Skip to main content

У гродзенскай катэдры адзначылі з удзелам іерархаў імяніны біскупа Аляксандра Кашкевіча

imeniny kaszkewicz 93 мая ў гродзенскай катэдры адбылася святая Імша з нагоды імянін біскупа эмерыта Аляксандра Кашкевіча – першага ардынарыя Гродзенскай дыяцэзіі.

Узначаліў літургію сам імяніннік, на ёй сабраліся шматлікія парафіяне і госці, у цэлебрацыі ўдзельнічалі старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч і некалькі прэзбітэраў.

Біскуп Уладзімір Гуляй, вітаючы прысутных, сказаў, што на гэтай Імшы хочуць даручыць Богу жыццё, здароўе і далейшае служэнне біскупа Аляксандра, “выказваючы ўдзячнасць за яго адданасць, мудрасць, пакору і любоў да Касцёла на Гродзеншчыне”. Іерарх заахвоціў да шчырай малітвы за імянінніка, каб Езус Хрыстус, Добры Пастыр, кожны дзень надзяляў яго здароўем, супакоем сэрца і сваёй ласкай.

imeniny kaszkewicz 13

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі засяродзіў увагу на словах Езуса “Не бойцеся!”, звернутых да апосталаў падчас буры, апісанай у Евангеллі. Арцыбіскуп адзначыў, што гэтыя словы сустракаюцца ў Святым Пісанні больш за 300 разоў: такім чынам, падкрэсліваецца, як важна не баяцца і верыць у Збаўцу – Езуса Хрыста.

Іерарх прыгадаў асобу святога мучаніка Аляксандра, чый успамін адзначаўся ў гэты дзень, – біскупа Рыма, які быў пятым наступнікам апостала Пятра, адыграў важную ролю ў развіцці літургіі і кіраванні Касцёлам.

Па словах арцыбіскупа, калі Ян Павел ІІ, устанавіўшы ў 1991 г. структуры Каталіцкага Касцёла на Беларусі, прызначыў першым біскупам новастворанай Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандра Кашкевіча, тады пробашча парафіі Святога Духа ў Вільні, для таго было няпроста прыняць гэтае прызначэнне, “бо быць першым – не толькі гонар, але і вялікая адказнасць”. Арцыбіскуп дадаў, што ў той час у памяці ксяндза Кашкевіча гучалі, напэўна, словы з Евангелля: “Не бойся, Я з табою”, што ён сказаў “так”, даручыўшы сваё біскупскае служэнне Маці Божай Вастрабрамскай і Божай міласэрнасці, якую вельмі шанаваў, і гэтае “так” казаў на працягу 33 гадоў, будучы ардынарыем дыяцэзіі, і кажа цяпер, будучы біскупам эмерытам.

imeniny kaszkewicz 12

Іерарх узгадаў шматлікія заслугі біскупа Аляксандра, адзначыў, што за час яго кіравання дыяцэзія моцна змянілася, дынамічна развівалася, у ёй былі заснаваны розныя душпастырствы, малітоўныя групы, касцёльныя рухі. Арцыбіскуп назваў Гродзенскую дыяцэзію цэнтрам каталіцтва ў нашай краіне.

У канцы Імшы арцыбіскуп Юзаф Станеўскі выказаў імянінніку віншаванні ад імя ўсіх членаў беларускага каталіцкага епіскапату, які раней шмат гадоў узначальваў біскуп Кашкевіч. Арцыбіскуп пажадаў іерарху, каб ён працягваў служыць Касцёлу, падтрымліваў парадай сённяшняга біскупа Гродзенскага і каб Хрыстус Уваскрослы, Пераможца смерці і пекла, адорваў яго сіламі.

Імянінніка павіншавалі таксама кіраўніцтва i навучэнцы Тэалагічнага каледжа імя св. каралевіча Казіміра ў Гродне.

Біскуп Аляксандр ад усяго сэрца падзякаваў удзельнікам літургіі за прысутнасць, памяць і малітву. Ён дадаў, што нястомна дзякуе Богу за кожнага святара, законную сястру і верніка, разам з якімі столькі гадоў крочыць да збаўлення.

Іерарх папрасіў падтрымліваць яго малітвай, каб ён мог працягваць служэнне.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі