Skip to main content

Біскуп Гродзенскі выказвае віншаванні з нагоды дыяцэзіяльнага Дня маці

IMG 9587горизонтУ першую нядзелю мая ў Гродзенскай дыяцэзіі адзначаецца Дзень маці. У гэты дзень ва ўсіх святынях дыяцэзіі моляцца ў інтэнцыі маці – аб патрэбных дарах і ласках для жывых і аб жыцці вечным для памерлых.

З гэтай нагоды біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй звяртаецца да ўсіх маці.

Любыя матулі!

У трэцюю нядзелю Велікоднага перыяду разам з усёй нашай дыяцэзіяй мы ўзносім асаблівую малітву падзякі і любові за нашых дарагіх маці. У гэты дзень, калі вясна ўжо напоўніла зямлю цеплынёй і святлом, а месяц май нагадвае нам пра прысутнасць Марыі, самай пяшчотнай і ласкавай Маці, нашыя думкі звяртаюцца да тых, хто падараваў нам жыццё.

Менавіта ў маі, калі кожны вечар чуваць малітву літаніі да Маці Божай, як песню душы, мы ўспамінаем і нашых зямных маці, якія, натхнёныя прыкладам Найсвяцейшай Панны, з дня ў дзень аддаюць сябе дзецям — праз любоў, ахвяру, малітву і служэнне. Гэта яны з верай схіляюцца перад абразамі Марыі — у Тракелях і Будславе, у Лагішыне і Барунах, у маленькіх каплічках і ля прыдарожных фігур, шукаючы моцы і суцяшэння на сваіх мацярынскіх дарогах.

Сёння хочацца сказаць вам, любыя маці: дзякуй. За тое, што прынялі дар жыцця, што выхоўваеце з любоўю, што ніколі не стамляецеся дараваць, разумець, быць побач. За тое, што вашы рукі — гэта ласка, ваш позірк — спакой, а малітва — апора. Дзякуй за ўсё, што часта застаецца незаўважаным, але ў Божых вачах мае вялікую вагу.

Мы молімся сёння за вас, просячы для вас здароўя, супакою і моцы, а таксама благаслаўлення праз заступніцтва Найсвяцейшай Маці. І з асаблівай пяшчотай успамінаем тых маці, каго ўжо няма з намі, — няхай добры Бог адорыць іх вечнай радасцю.

Не забываемся і пра жанчын, якія чакаюць нараджэння свайго дзіцяці. Хай Марыя ахінае іх сваёй апекай, каб яны з надзеяй і радасцю чакалі сустрэчы з новым жыццём.

Маці Божая, Ты, якая нас навучыла сапраўднаму мацярынству, маліся за ўсіх маці і будзь іх суцяшэннем, сілай і надзеяй.

З удзячнасцю і малітвай

Ваш біскуп Уладзімір