Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй заклікае вернікаў дыяцэзіі маліцца аб абранні новага Папы і ўзяць удзел у чуванні-адарацыі, якое пройдзе з гэтай нагоды ў Навагрудку 6-7 мая.
Шаноўныя святары, асобы кансэкраванага жыцця, умілаваныя вернікі нашай дыяцэзіі!
7 мая распачнецца канклаў — выбары новага наступніка апостала Пятра, Папы Рымскага — Найвышэйшага Пастыра Каталіцкага Касцёла. Заклікаю вас да малітвы і посту ў інтэнцыі абрання Пантыфіка. Гэта духоўнае намаганне стане сведчаннем нашай еднасці як Божага народу і яшчэ мацней умацуе Касцёл на нашай зямлі.
Запрашаю ўсіх вас у гэтыя дні, незалежна ад месца і абставінаў, уз’яднацца ў супольнай малітве за кардыналаў, каб, будучы паслухмянымі Духу Святому, яны здзейснілі выбар згодна з Божай воляй. Гэта вельмі адказны і важны момант, ад якога залежыць будучыня Касцёла як у Беларусі, так і ва ўсім свеце.
Асаблівым чынам запрашаю вас 6-7 мая ў Навагрудак, у касцёл святога Арханёла Міхала — юбілейную святыню нашай дыяцэзіі, дзе адбудзецца малітоўнае чуванне-адарацыя за абранне новага Рымскага Папы.
Будзем шчыра маліцца, каб чаканы намі Святы Айцец стаў Божым голасам для ўсяго свету — голасам, які заклікае мужна вызнаваць веру і жыць паводле Божых законаў. Няхай ён будзе радасным вестуном Добрай Навіны пра шчаслівае жыццё, якое можна знайсці толькі ў Божым сэрцы.
Уладзімір Гуляй
Біскуп Гродзенскі