Калегія кардыналаў звярнулася 30 красавіка 2025 года да ўсіх вернікаў з заклікам да малітоўнай падтрымкі перад канклавам, заклікаючы да еднасці і духоўнага распазнання.
У Рыме, дзе ўжо некалькі дзён збіраюцца кардыналы перад пачаткам канклаву, гучыць асаблівы заклік да ўсяго Касцёла: “Мы перажываем гістарычны момант, які патрабуе ласкі і духоўнага распазнання”, падкрэсліваецца ў афіцыйным паведамленні кардыналаў, апублікаваным Святым Пасадам 30 красавіка 2025 года. Гэтая ініцыятыва – спроба аб’яднаць вернікаў у засяроджанай малітве і духоўным адзінстве падчас выбару новага Папы.
“Гэта сапраўдная сіла, якая ў Касцёле спрыяе адзінству ўсіх у адзіным Целе Хрыста”, - адзначаецца ў тэксце. Кардыналы падкрэсліваюць, што перад веліччу будучай задачы і сучаснымі выклікамі перш за ўсё неабходна быць пакорнымі інструментамі бясконцай Мудрасці і Провіду Айца Нябеснага, з адкрытасцю на дзеянне Духа Святога.
“Няхай Марыя суправаджае гэту агульную просьбу сваім матчыным заступніцтвам”, - з надзеяй дадаюць іерархі, звяртаючыся да ўсіх вернікаў, каб кожны не заставаўся абыякавым у гэтыя важныя для Касцёла дні.