29 красавіка ў Доме малітвы пры касцёле св. Юрыя ў Варнянах адбыўся дзень засяроджання, на якім сабраліся катэхеты і візітатары Ашмянскага, Астравецкага і Смаргонскага дэканатаў Гродзенскай дыяцэзіі.
Праграма сустрэчы была насычанай у духоўным і інтэлектуальным сэнсе. Дэкан Ашмянскага дэканату кс. Павел Раманоўскі выступіў з канферэнцыяй, прысвечанай тэме катэхізацыі. Увага была скіравана на асноўныя велікодныя сімвалы і іх сутнасць. Было адзначана, што часам сэнс гэтых сімвалаў губляецца, глыбокая праўда падмяняецца знешняй прывабнасцю. Ксёндз Павел прапанаваў задумацца над тым, ці нясуць маляванне святых вобразаў, выраб віншавальных паштовак, фільмы пра Хрыста струмень евангельскай праўды, ці не размываецца першапачатковы змест гэтай праўды, саступаючы месца эстэтычнай аздобе. Каб паказаць небяспеку падмены, тое, што невялікае адхіленне можа цалкам змяніць духоўны змест, святар прывёў параўнанне з кропляй чарніла ў шклянцы вады.
У другой частцы сустрэчы адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, якая давала кожнаму ўдзельніку магчымасць сузіраць любоў Бога, адчуць у цішыні Яго прысутнасць. Усе ахвотныя маглі прыступіць да споведзі.
Кульмінацыяй дня засяроджання стала святая Імша, якую цэлебраваў біскупскі вікарый Смаргонскага рэгіёну кс. канонік Юзаф Багдзевіч, дэкан Астравецкага дэканату. Дэкан Смаргонскага дэканату кс. Антоній Казлоўскі ў гаміліі прапанаваў задумацца над сэнсам чалавечага жыцця, а таксама над служэннем святароў, катэхетаў і візітатараў. Было адзначана, што праз іх служэнне Божае слова гучыць у сэрцах дзяцей і ў супольнасцях, дапамагаючы ўзрастаць у веры, і што менавіта так навучаў сваіх апосталаў Езус Хрыстус – не праз кнігі, а праз жывую сустрэчу, практычнае сведчанне.
У канцы Імшы кс. Юзаф Багдзевіч выказаў шчырую падзяку пробашчу варнянскай парафіі кс. Віктару Захарэўскаму за добрую арганізацыю дня засяроджання, адзначыўшы, што гэтая сустрэча стала часам глыбокай малітвы і духоўнага аднаўлення, магчымасцю адчуць сябе братэрскай супольнасцю ў Хрысце.
Пасля літургіі ўдзельнікі сабраліся на агульны пасілак. Гэта быў час, калі служэнне перарастае ў сведчанне веры, час дзялення досведам і радасцю, які даваў магчымасць узаемнага духоўнага ўзбагачэння, братэрскага з’яднання душ.
“Светлае натхненне і духоўная ўмацаванасць, з якімі мы вярталіся з дня засяроджання, былі адбіткам Божага святла, – адзначаюць удзельнікі сустрэчы. – І гэтае святло праз нашу працу будзе ззяць у сэрцах тых, каго мы вучым, ведучы да жывой і сапраўднай ісціны, якая не паддаецца падмене і аздобам свету”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі