Skip to main content

Студэнты гродзенскай семінарыі наведалі віцебскую катэдру

seminariaa 426-27 красавіка студэнты прапедэўтычнага курса Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне са сваім мадэратарам кс. Паўлам Скубам здзейснілі падарожжа ў віцебскую катэдру на ўрачыстасць Божай Міласэрнасці.

Віцебскі катэдральны касцёл носіць тытул Езуса Міласэрнага. Урачыстасць Божай Міласэрнасці святкавалася 27 красавіка, у наступную пасля Вялікадня нядзелю.

У катэдры на святой Імшы, якую узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, семінарысты памаліліся за памерлага Папу Францішка. Затым разам з біскупам, які распавёў ім шмат цікавых гісторый, яны наведалі адметныя гістарычныя месцы горада.

На другі дзень госці ўдзельнічалі ў дзвюх Імшах, якія цэлебраваў пастыр Віцебскай дыяцэзіі. Пасля першай літургіі яны прысутнічалі на канферэнцыі, тэмай якой быў Юбілейны год. Канферэнцыя праводзілася пад акампанемент арганнай музыкі. Пасля другой літургіі студэнты пабачылі пастаноўку пра Езуса Міласэрнага. Па словах семінарыстаў, іх уразіла тое, як прыгожа і з душой парафіяне праслаўлялі Бога.

seminariaa 13

У канцы студэнты ўзялі ўдзел у супольным абедзе, на якім паразмаўлялі з парафіянамі і падзяліліся гісторыямі свайго паклікання. На развітанне яны падзякавалі вернікам за магчымасць добра правесці час у гэтай супольнасці.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі