Skip to main content

Біскуп Кашкевіч у нядзелю Божай Міласэрнасці ўзначаліў адпустовую ўрачыстасць у Свіслачы

swislacz 627 красавіка біскуп Аляксандр Кашкевіч наведаў капліцу Божай Міласэрнасці ў Свіслачы (дэканат Гродна-Захад). Паколькі гэта была нядзеля Божай Міласэрнасці, там святкавалася адпустовая ўрачыстасць.

Свята Божай Міласэрнасці, якое адзначаецца праз тыдзень пасля Вялікадня, кажа аб тым, што Езус Хрыстус адорвае душы, якія звяртаюцца да Яго міласэрнасці, мноствам ласкаў.

У парафіяльнай капліцы біскуп эмерыт узначаліў адпустовую Імшу ў інтэнцыі ўсіх жыхароў Свіслачы і наваколля. У малітве ўдзельнічала шмат вернікаў.

У пачатку літургіі кс. Тадэвуш Крыштопік, пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы, да якой адносіцца капліца, прывітаў іерарха і выказаў радасць з той прычыны, што мясцовая супольнасць можа памаліцца разам з ім у гэты важны для яе дзень.

У гаміліі біскуп адзначыў, што нядзеля Божай Міласэрнасці – другая пасля Вялікадня – звяртае ўвагу на міласэрнасць Бога, адну з Яго найвялікшых і найважнейшых для людзей рысаў.

Па словах іерарха, Езус Хрыстус аб’яўляе людзям бясконцую любоў і бязмежную міласэрнасць Айца сваімі словамі, учынкамі і ўсёй сваёй Асобай.
“У гэтую нядзелю Пан Езус стаіць сярод нас, як стаяў сярод апосталаў у Вячэрніку, i прыходзіць да нас з трайным дарам: супакою, прабачэння і веры”, – сказаў біскуп.

Іерарх нагадаў, што свята Божай міласэрнасці прасіў устанавіць праз пасрэдніцтва сястры Фаўстыны Кавальскай сам Хрыстус. Кажучы пра абраз Езуса Міласэрнага, біскуп дадаў, што праз гэтую ікону Хрыстус перадае “найважнейшую праўду, якая вынікае з Яго пасхальнай таямніцы”. Словы “Езу, давяраю Табе”, змешчаныя на гэтым абразе, знаходзяцца таксама ў гербе біскупа Кашкевіча.

Біскуп назваў Божую міласэрнасць цудоўным дарам для ўсяго чалавецтва, заахвоціў быць удзячнымі Богу за яе і маліцца аб тым, каб увесь свет спазнаў пасланне Міласэрнасці.

“Няхай усе хрысціяне, асабліва бедныя грэшнікі, поўнасцю даверацца Езусу Уваскросламу і знойдуць прытулак і палёгку ў бязмежнасці Яго міласэрнасці”, – пажадаў ён.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі