Канклаў распачнецца ў другой палове дня 7 мая 2025 года. Раніцай гэтага дня кардыналы збяруцца на святой Імшы “pro eligendo Pontifice”, паведаміў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні.
Дату пачатку працэдуры выбару Папы вызначылі кардыналы, якія 28 красавіка 2025 года сабраліся ў Ватыкане на Пятай Генеральнай Кангрэгацыі. У пасяджэнні, якое пачалося супольнай малітвай, бралі ўдзел 180 кардыналаў, з якіх крыху больш за 100 – выбаршчыкі.
Падчас нарады прагучалі каля 20 выступленняў, прысвечаных справам Касцёла, адносінам Касцёла са светам, выклікам, а таксама рысам, якія павінны быць уласцівыя новаму Папу для іх вырашэння. Гаворка, між іншым, ішла пра евангелізацыю, міжрэлігійны дыялог і барацьбу са злоўжываннямі.
Раніцай 29 красавіка, падчас Шостай Генеральнай Кангрэгацыі, іерархі выслухаюць медытацыю, якую правядзе айцец Даната Альяры, абат бенедыкцінскага абацтва Сан-Паола.
Удзельнікі пасяджэння шляхам лёсавання выбралі трох наступных кардыналаў, якія на працягу бліжэйшых трох дзён будуць дапамагаць камерленга падчас Генеральных Кангрэгацый і вырашэння бягучых пытанняў. Імі сталі нямецкі кардынал Рэйнхард Маркс, філіпінскі кардынал Луіс Антоніа Тагле і італьянскі кардынал Даменік Мамбэрці.
Канклаў будзе праходзіць у Сікстынскай капэле, якая ўжо закрыта для наведвальнікаў. У бліжэйшы час яна будзе падрыхтавана да выбару новага Пантыфіка. Таксама прыпынены візіты ў Ватыканскія сады і ў некропаль Via Triumphalis.