Skip to main content

Біскуп Гуляй удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля

bezmowanie dziewetowka 924 красавіка, у чацвер актавы Уваскрасення Пана, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй наведаў парафіяльную супольнасць Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка).

Іерарх узначаліў у парафіі святую Імшу, на якой удзяліў вернікам, у асноўным маладым людзям, сакрамэнт канфірмацыі. Сёлета ў дыяцэзіі гэта была першая канфірмацыя.

Літургію біскуп цэлебраваў у інтэнцыі канфірмаваных, просячы аб глыбокай веры для іх.

У гаміліі, нагадваючы, што ў адпаведнай малітве гучыць просьба, каб Святы Дух “сышоў і аднавіў аблічча зямлі”, іерарх сказаў: “Якім будзе чалавек, такой будзе і зямля, таму малітва, каб Ён аднавіў аблічча зямлі, перадусім адносіцца да перамены чалавека”. Біскуп адзначыў, што гэтая перамена, між іншым, адбываецца праз канфірмацыю.

Ён звярнуў увагу на тое, што канфірмацыя завяршае пэўны працэс фармацыі верніка, у ёй чалавек “атрымлівае атэстат духоўнай сталасці” і што яе няправільна ўспрымаць як “развітанне з Богам і Касцёлам, калі мы забываемся маліцца, удзельнічаць у Імшы і іншых сакрамэнтах або робім гэта толькі час ад часу”. Біскуп падкрэсліў, што канфірмацыя павінна быць не завяршэннем, а новым пачаткам рэлігійнага жыцця, бо гэта сакрамэнт хрысціянскай сталасці.

bezmowanie dziewetowka 5
Іерарх нагадаў вернікам, што яны “запрошаны Хрыстом, каб быць Яго сведкамі”. Ён прывёў прыклад з Евангелля, што пасля ўваскрасення Езуса, калі Ён з’явіўся перад апосталамі, яны ставіліся да гэтага з недаверам, думаючы, што Езус – з’ява, дух, але іх недавер знік перад фактамі. “Сведчанне апосталаў жыве ў Касцёле ўжо дзве тысячы гадоў. Мы таксама належым да гэтага патоку. Мы сустрэлі Уваскрослага Езуса, адчулі, што Ён жывы. І былі запрошаныя Ім, каб быць Яго сведкамі. Быць сведкам – гэта абавязвае. Хрыста не атрымліваюць для таго, каб пакінуць толькі сабе, як хацела гэта зрабіць Марыя Магдалена. Хрыста перажываюць для таго, каб дзяліцца Ім з іншымі. Гэтае дзяленне не можа, канечне, быць навязлівым, прымушаць да веры, быць нецярплівым да перакананняў іншых. Сведчанне таксама не можа нагадваць нейкую інфармацыю ці загаловак з газеты. Яно павінна быць хутчэй сілай, якая распускае бутоны жыцця, вядзе іншых да абуджэння ад сну”, – патлумачыў біскуп.

Ён дадаў, што “Езус не пакіне нас, калі мы будзем гаварыць пра Яго, будзе прысутнічаць праз свайго Духа і ў цяжкіх сітуацыях Сам падкажа нам словы і рашэнні”.
Біскуп звярнуў увагу і на тое, як важна сведкам Хрыста “карміць сваю веру Божым словам”. Ён адзначыў, што па гэтай прычыне Езус, перш чым паставіць вучняў перад фактам Яго ўваскрасення, “спачатку асвятляў іх розум, каб яны разумелі Пісанні, тлумачыў прароцтвы, паказваў, як яны здзяйсняюцца ў Яго жыцці, муцы і смерці”. “Падчас разважання над Словам, малітвы, медытацыі, кантэмпляцыі Езус асвятляе таксама наш розум, тлумачыць нам Пісанні, паказвае, што Ён павінен быў цярпець за грахі. Ён хоча, каб мы ўнутрана адчулі, што Ён жывы. Хоча, каб мы не толькі чулі пра гэта ад іншых”, – сказаў іерарх.

Ён прапанаваў парафіянам задумацца над тым, ці вераць яны ва ўсё Евангелле, як часта чытаюць яго, ці не засяроджваюцца празмерна на крыжы і пакутах, забываючы пра Уваскрасенне, і ці ўмеюць слухаць і запамінаць.

Таксама біскуп нагадаў, наколькі важная для сведкаў Хрыста Эўхарыстыя: “У ёй прыходзіць да нас Хрыстус Уваскрослы і кажа: “Чаму ў тваім сэрцы ўзнікаюць сумневы? Паглядзі на Мае рукі і ногі. Паглядзі на Маё прабітае з любові сэрца. Дакраніся да Мяне. Пераканайся! Павер! Гэта Я”. Біскуп прапанаваў вернікам падумаць, ці адчуваюць яны на Эўхарыстыі прысутнасць і блізкасць Пана.

bezmowanie dziewetowka 11

Іерарх прывёў прыклад аднаго святога, пра якога казалі, што калі ён цэлебраваў Эўхарыстыю, ва ўсіх было ўражанне, што ён кагосьці ў ёй бачыць. У гэтым, па словах біскупа, сутнасць сведчання і глыбокай веры. “Як ты можаш паказаць, што Езус жывы? Менавіта так, каб іншыя, гледзячы на цябе, бачылі, што ты маеш з Ім кантакт”, – патлумачыў ён.

У канцы літургіі маладыя вернікі выказалі біскупу ўдзячнасць за ўдзяленне сакрамэнту, а таксама падзякавалі сваім душпастырам на чале з пробашчам а. Анджэем Ядкоўскім CSsR і катэхетам, якія рыхтавалі да гэтай важнай у іх жыцці падзеі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Галіна Валюшка