Апоўначы 27 красавіка ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя адбылася Імша пастэрка нядзелі Божай Міласэрнасці.
На малітве сабраліся мясцовыя вернікі разам са святарамі парафіі. Узначаліў літургію вікарый гродзенскай парафіі Святога Духа кс. Валерый Спірыдон.
У гаміліі святар засяродзіў увагу на дары Божай міласэрнасці. “Бясконцая міласэрнасць Бога – падарунак, падобны дару хросту, – заўважыў ксёндз Валерый. – Калі чалавек хрысціцца, то становіцца крышталёва чысты, без граху”.
Святар назваў дзве памылкі, якія могуць перашкаджаць прыняць Божую міласэрнасць. Першая з іх – перакананне, што чалавек не заслугоўвае гэтай міласэрнасці, бо занадта грэшны. Наконт гэтага ксёндз Валерый патлумачыў, што “міласэрнасць бясплатная і вынікае з любові” і што “грахі можна пералічыць, а міласэрнасць бясконцая”. Другой памылкай ён назваў разуменне міласэрнасці асобна ад Божай справядлівасці. Ён адзначыў наконт гэтага, што грашыць і прытым спадзявацца на Божую міласэрнасць – сур’ёзнае злачынства.
“Божая міласэрнасць патрабуе нашага супрацоўніцтва і намагання адкрыць свае сэрцы”, – падсумаваў святар.
На заканчэнне Імшы пробашч катэдральнай парафіі кс. канонік Ян Кучынскі падзякаваў удзельнікам за прысутнасць і супольную малітву.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Агата Фядкевіч