26 красавіка, у дзень пахавання Папы Францішка, у гродзенскай катэдры адбылася Імша падзякі за дар яго жыцця і яго дванаццацігадовае служэнне на Святым Пасадзе. Літургія была выразам духоўнага адзінства з Апостальскай Сталіцай і паўсюдным Касцёлам, давала магчымасць падтрымаць спачылага Пантыфіка малітвай.
Цэлебрацыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, у ёй удзельнічалі біскуп Аляксандр Кашкевіч, прэзбітэры, вернікі розных парафій.
У гаміліі біскуп Гродзенскі адзначыў, што гэты Папа “парушыў шмат шаблонаў, каб нагадаць свету найпрасцейшыя, але найглыбейшыя праўды Евангелля”; што гэта “чалавек простасці, малітвы і адвагі, які дакрануўся да сэрцаў людзей ва ўсім свеце і тут, у Беларусі”, “прыклад таго, як жыць Евангеллем у сённяшнім свеце”. “Таму нашы сэрцы перапоўнены смуткам, але гэта смутак, поўны надзеі, – бо мы ведаем, што смерць не мае апошняга слова”, – дадаў іерарх.
Ён назваў спачылага “Папам блізкасці, міласэрнасці і пяшчоты”. “Ён не гаварыў з вышыні – ён гаварыў як пастыр, які ведае, чым жыве яго народ, – сказаў біскуп. – У нашых парафіях яго навучанне гучала як адказ на нашыя штодзённыя пытанні: як быць хрысціянінам у свеце, які часта Хрыста не разумее?”
“Яшчэ ў сваёй першай гаміліі ён казаў: “Не бойцеся дабрыні, не бойцеся пяшчоты”. Гэтае пасланне, хоць і простае, было як бальзам для параненага свету, – нагадаў іерарх. – Ён не толькі абвяшчаў Евангелле – ён ім жыў”.
Біскуп заўважыў, што Папа Францішак “не баяўся рэформаў, прымаў рашэнні, якія былі не заўсёды папулярнымі, але неабходнымі”, “падкрэсліваў, што святары павінны быць блізкімі да людзей, ведаць іх жыццё, падзяляць іх радасць і смутак”. “Гэта былі словы пра тое, што мы пакліканыя не да ўлады, але да служэння, – сказаў іерарх. – Ён хацеў, каб Касцёл больш слухаў, чым гаварыў, быў менш трыумфальным, а больш евангельскім”.
Акрамя таго, па словах біскупа, Папа Францішак паказаў у адной са сваіх энцыклік “бачанне братэрства, якое пераадольвае межы рэлігій, народаў і палітычных інтарэсаў”; “у свеце падзелаў і нянавісці ён заклікаў да дыялогу, прабачэння і будаўніцтва мастоў”.
Усё гэта, адзначыў біскуп, вынікала з глыбокага адзінства гэтага Папы з Богам: “ён быў чалавекам малітвы”, “яго простыя, але насычаныя глыбокім сэнсам гаміліі краналі сэрцы”. Папа Францішак, па словах іерарха, заўсёды заставаўся сынам святога Ігнацыя Лаёлы – заснавальніка Таварыства Езуса, да якога належаў. “Яго распазнанне, духоўная глыбіня і адкрытасць на Духа Святога былі плёнам гэтай фармацыі. А пры гэтым ён жыў з вялікай сціпласцю. Ён не дазволіў, каб яго атачалі пышнасцю. Яго сэрца належала Хрысту і бедным”, – сказаў біскуп.
Іерарх падкрэсліў, што Папа Францішак “пакідае нам Касцёл больш адкрыты, больш евангельскі, які выходзіць з сакрыстыі, каб ісці да людзей, не баіцца выклікаў сучаснасці, а шукае на іх адказ у духу любові, а не страху”; “пакідае нам стыль пастырства, заснаваны на блізкасці, слуханні і міласэрнасці”; “пакідае заахвочванне не баяцца: не баяцца сведчыць, не баяцца слухаць, не баяцца быць іншымі”.
“Сёння, калі ўвесь свет развітваецца з гэтым вялікім, але вельмі сціплым і пакорным Папам, мы таксама просім: Святы Айцец Францішак, маліся за нас. За беларускі народ, за наш Касцёл, за нашых святароў, за сем’і, за моладзь. Каб мы не згубілі дарогу Евангелля, былі Касцёлам, які сапраўды жыве, любіць і служыць”, – дадаў біскуп.
Папа Францішак адышоў у вечнасць 21 красавіка, у Велікодны панядзелак. Яго пахаванне адбылося 26 красавіка ў Рыме. Пахавальную Імшу на плошчы святога Пятра ўзначаліў кардынал Джаванні Батыста Рэ, дэкан Калегіі кардыналаў. У літургіі ўдзельнічала сярод іншых дэлегацыя Касцёла на Беларусі, якую ўзначаліў старшыня беларускага епіскапату Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Пасля Імшы труна з целам Святога Айца была перавезена для пахавання ў базыліку Санта-Марыя-Маджорэ. Папа, згодна са сваім запаветам, быў пахаваны ў гэтай галоўнай багародзічнай святыні Вечнага горада.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі