Касцёл развітваецца з Папам Францішкам. Раніцай 26 красавіка 2025 года на Плошчы Святога Пятра кардынал Джавані Батыста Рэ, дэкан Калегіі кардыналаў, узначаліў пахавальную святую Імшу, падчас якой нагадаў пра жыццё, служэнне і спадчыну спачылага Пантыфіка.
“На гэтай велічнай Плошчы Святога Пятра, на якой Папа Францішак за гэтыя дванаццаць гадоў столькі разоў цэлебраваў Эўхарыстыю і праводзіў вялікія сустрэчы, мы сабраліся на малітве вакол яго пасмяротных парэшткаў з сумнымі сэрцамі, але, падтрыманыя ўпэўненасцю веры, якая запэўнівае нас у тым, што чалавечае жыццё завяршаецца не ў магіле, а ў доме Нябеснага Айца – у шчаслівым жыцці, якое не пазнае заходу”, - пачаў сваю гамілію 91-гадовы італьянскі іерарх.
Кардынал Рэ падзякаваў за прысутнасць на пахаванні Папы Францішка шматлікім кіраўнікам дзяржаў, урадаў і афіцыйным дэлегацыям з многіх краін. Ён заўважыў, што вялікая колькасць людзей, якая развітвалася са Святым Айцом у апошнія дні, сведчыць пра тое, што яго пантыфікат кранаў думкі і сэрцы многіх.
Іерарх нагадаў пра апошні вобраз Папы, які застанецца ў сэрцах людзей: калі ва ўрачыстасць Пасхі, нягледзячы на цяжкія праблемы са здароўем, ён “захацеў удзяліць нам благаслаўленне з балкона Базілікі Святога Пятра, а потым сышоў на плошчу, каб прывітаць з адкрытага папамабіля ўвесь вялікі натоўп, што сабраўся на велікоднай Імшы”.
Прапаведнік адзначыў, што нязменнае заданне Пятра і яго Наступнікаў – з любоўю служыць па прыкладзе Хрыста, а Папа Францішак рабіў гэта да апошніх дзён свайго зямнога жыцця, нягледзячы на ўразлівасць і пакуты, наследуючы свайго Пана, Добрага пастыра, Які палюбіў сваіх авечак да таго, што аддаў за іх сваё жыццё. “Ён рабіў гэта з сілай і спакоем, побач са сваім статкам, Божым Касцёлам, памятаючы пра словы Езуса, пераказаныя апосталам Паўлам: “Больш шчасця ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць” (Дз 20,35)”.
Кардынал Рэ нагадаў, што “калі кардынал Берголіа, 13 сакавіка 2013 года, быў абраны на канклаве наступнікам Папы Бэнэдыкта XVI, ён меў за плячыма гады манаскага жыцця ў Таварыстве Езуса і асабліва быў узбагачаны 21-гадовым душпастырскім служэннем у архідыяцэзіі Буэнас-Айрэса, спачатку як дапаможны біскуп, потым як каад’ютар, а затым, у першую чаргу, як арцыбіскуп”.
“Рашэнне ўзяць імя Францішак адразу выявілася як выбар праграмы і стылю, на якім ён хацеў заснаваць свой пантыфікат, намагаючыся натхняцца духам святога Францішка Асізскага”, - падкрэсліў дэкан Калегіі кардыналаў.
“Ён захаваў свой тэмперамент і форму пастырскага кіраўніцтва і адразу ж наклаў адбітак сваёй моцнай асобы на кіраванне Касцёлам, усталяваўшы прамы кантакт з людзьмі і народамі, імкнучыся быць бліжэй да ўсіх, з прыкметнай увагай да людзей, якія апынуліся ў цяжкім становішчы, аддаючы сябе без меры, асабліва апошнім на зямлі, тым, хто знаходзіцца на ўзбочыне жыцця. Ён быў Папам сярод людзей з адкрытым сэрцам для ўсіх. Ён таксама быў Папам, уважлівым да новага, што з’яўлялася ў грамадстве, і да таго, што Дух Святы абуджаў у Касцёле”, - дадаў іерарх.
Кардынал Рэ згадаў таксама пра асаблівую мову Папы Францішка, багатую вобразамі і метафарамі, з дапамогай якой ён намагаўся з мудрасцю Евангелля праліць святло на праблемы нашага часу, даючы адказы ў святле веры і заахвочваючы па-хрысціянску перажываць выклікі і супярэчнасці нашых зменлівых гадоў, якія яму падабалася называць “эпахальнымі зменамі”. Іерарх адзначыў лёгкасць і нефармальную манеру, у якой Папа звяртаўся да ўсіх, у тым ліку да людзей, далёкіх ад Касцёла.
“Багаты чалавечай цяплынёй і глыбока адчувальны да сучасных трагедый, Папа Францішак па-сапраўднаму падзяляў трывогі, пакуты і спадзяванні нашага часу, а таксама суцяшаў і падбадзёрваў людзей пасланнем, здольным дасягаць сэрцаў прамым і непасрэдным чынам”, - сказаў кардынал. Ён падкрэсліў, што праз адкрытасць і здольнасць слухаць Папа кранаў сэрцы людзей, намагаючыся абудзіць у іх маральныя і духоўныя сілы.
Па словах кардынала Рэ, прыярытэт евангелізацыі быў пуцяводнай зоркай пантыфікату Францішка: з выразным місіянерскім адбіткам ён пашыраў радасць Евангелля – “радасць, якая напаўняе даверам і надзеяй сэрцы ўсіх, хто давярае Богу”.
“Лейтматывам яго місіі таксама была ўпэўненасць у тым, што Касцёл – дом для ўсіх; дом з адчыненымі дзвярыма. Ён шмат разоў спасылаўся на вобраз Касцёла як “палявога шпіталя” пасля бітвы, у якой было шмат параненых; Касцёла, які прагне з рашучасцю рупіцца пра праблемы людзей і вялікія няшчасці, ад якіх пакутуе сучасны свет; Касцёла, здольнага пахіляцца над кожным чалавекам, незалежна ад яго веры і становішча, залечваючы яго раны”, - сказаў іерарх, згадаўшы пра незлічоныя жэсты і заклікі Папы на карысць бежанцаў і яго нястомны клопат пра бедных. Кардынал Рэ згадаў пра на візіты Папы Францішка на Лампедузу і Лесбас, і Імшу, якую Святы Айцец цэлебраваў на мяжы Мексікі і ЗША.
Сярод 47 Апостальскіх падарожжаў Францішка іерарх асаблівым чынам вылучыў візіт у Ірак у 2021 годзе, які быў здзейснены нягледзячы на вялікія рызыкі. “Гэты складаны Апостальскі візіт стаў алеем на адкрытыя раны іракскага народа, які шмат пакутаваў ад нечалавечай дзейнасці “ІДІЛ”. Гэта падарожжа было таксама важным для міжрэлігійнага дыялогу, яшчэ адной важнай часткі яго душпастырскай дзейнасці. Апостальскім візітам у 2024 годзе ў чатыры краіны Азіі і Акіяніі Папа дасягнуў “самую перыферыйную перыферыю свету”, - дадаў кардынал.
“Папа Францішак заўсёды ставіў у цэнтры Евангелле міласэрнасці, няспынна падкрэсліваючы, што Бог не стамляецца прабачаць нас: Ён прабачае заўсёды, незалежна ад сітуацыі таго, хто просіць прабачэння і вяртаецца на правільны шлях”, - сцвердзіў іерарх, дадаўшы, што Святы Айцец пажадаў правесці Юбілей міласэрнасці, каб паказаць, што міласэрнасць – гэта “сэрца Евангелля”. “Міласэрнасць і радасць Евангелля – два ключавыя словы Папы Францішка”, - сцвердзіў кардынал Рэ.
“У супрацьвагу таму, што ён назваў “культурай адчужэння”, ён казаў пра культуру сустрэчы і салідарнасці”, - сказаў іерарх, нагадваючы таксама пра ўвагу Папы да тэмы агульначалавечага братэрства ўсіх людзей, дзяцей аднаго Айца, і адмысловую дэкларацыю, падпісаную ім у 2019 годзе падчас візіту ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.
“Звяртаючыся да людзей ва ўсім свеце ў сваёй энцыкліцы “Laudato sì”, ён скіраваў увагу на абавязкі і супольную адказнасць за супольны дом”, - падкрэсліў кардынал Рэ.
Іерарх адзначыў таксама, што перад абліччам войнаў, якія бушуюць у апошнія гады, суправаджаючыся нечалавечымі жахамі, незлічонай колькасцю смерцяў і разбурэннямі, “Папа Францішак нястомна ўздымаў свой голас, просячы аб міры і заклікаючы да разважлівасці, да сумленных перамоў, каб знайсці магчымыя рашэнні, бо вайна – як ён казаў – гэта толькі смерць людзей, разбурэнне дамоў, шпіталёў і школ. Вайна заўсёды пакідае свет горшым, чым ён быў: яна для ўсіх заўсёды з’яўляецца балючым і трагічным паражэннем”, - нагадаў словы Папы кардынал.
“Будаваць масты, а не муры” – гэта заклік, які ён шмат разоў паўтараў, а служэнне веры ў якасці Наступніка апостала Пятра заўсёды злучаў з служэннем чалавеку ва ўсіх яго вымярэннях”, - сцвердзіў іерарх.
“У духоўнай еднасці з усім хрысціянскім светам мы сабраліся тут у вялікай колькасці памаліцца за Папу Францішка, каб Бог прыняў яго ў бязмежнасці сваёй любові. Папа Францішак звычайна завяршаў свае прамовы і сустрэчы, кажучы: “Не забывайцеся маліцца за мяне”. Дарагі Папа Францішак, цяпер мы просім цябе маліцца за нас і благаславіць з нябёсаў Касцёл, благаславіць Рым, благаславіць увесь свет, як у мінулую нядзелю з балкона гэтай базылікі ў апошніх абдымках з усім Божым народам, а па сутнасці таксама і з усім чалавецтвам, якое шукае праўды шчырым сэрцам і трымае высока паходню надзеі”, - завяршыў гамілію кардынал Джавані Батыста Рэ.