20 красавіка, у нядзелю Уваскрасення Пана, біскуп Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў урачыстую Імшу ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата ў Сапоцкіне.
Перад літургіяй адбылася рэзурэкцыйная працэсія вакол парафіяльнай святыні
У гаміліі біскуп эмерыт падкрэсліў, што Вялікдзень, гэтае найважнейшае ў Касцёле свята, павінен абудзіць у кожным чалавеку ўсыпленую веру і аслабелую любоў да Бога, а асабліва да Эўхарыстыі. Іерарх дадаў, што кожнаму верніку важна штодзень адчуваць радасць Уваскрасення, каб несці іншым гэтую праўду.
Біскуп пажадаў парафіянам і гасцям радасна правесці велікодныя святы і асабіста сустрэць Езуса Уваскрослага ў Божым слове і сакрамэнтах.
Пробашч парафіі кс. Антоні Абухоўскі падзякаваў іерарху за тое, што ён захацеў памаліцца разам з гэтай супольнасцю ў такі важны для хрысціян дзень і правесці з ёю святочныя хвіліны.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі