Прадстаўнікі каталіцкага і праваслаўнага духавенства ўзялі ўдзел у выстаўцы мастачкі Вікторыі Перапеча, якая адбылася ў Воранаве. На памяць аб выстаўцы каталіцкія святары ўручылі мастачцы двухтомнае выданне, прысвечанае касцёлам Гродзенскай дыяцэзіі, якое перадаў ёй для натхнення біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
Як паведамляе voran.by, на карцінах, прадстаўленых на гэтым культурным мерапрыемстве, мастачка адлюстравала каталіцкія і праваслаўныя святыні Воранаўшчыны.
Выстаўка, якая прайшла ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці, сімвалічна была прымеркавана да Вялікадня, які сёлета адзначаўся вернікамі розных хрысціянскіх канфесій у адзін дзень. На мерапрыемстве прысутнічалі таксама прадстаўнікі мясцовай улады.
Вікторыя Перапеча стала маляваць святыні ў пачатку гэтага года. За два тыдні яна напісала дванаццаць святынь.
Дзякуючы вербальнаму падарожжу ў часе, якое правялі каталіцкія і праваслаўны святары, запрошаныя на выстаўку, прысутныя атрымалі магчымасць зазірнуць у мінулае святыняў Воранаўшчыны, кожная з якіх мае сваю векавую гісторыю.