24 красавіка, у чацвер актавы Вялікадня, Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне наведалі Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь Аляксандр Румак і начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Ігар Булаўка.
Візіт стаў знакам павагі да духоўнай адукацыі, сведчаннем супрацоўніцтва паміж дзяржавай і Касцёлам, а таксама падтрымкі духоўнага развіцця будучых святароў.
Гасцей прывіталі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй і рэктар семінарыі кс. канонік Віталь Вайцяхоўскі.
У межах экскурсіі па семінарыі гасцям былі паказаны аўдыторыі, дзе праходзіць фармацыя будучых святароў, і капліца – сэрца духоўнага жыцця семінарыстаў, дзе яны праводзяць шмат часу ў малітве, адарацыі, разважанні над Божым словам і на духоўных канферэнцыях.
Асаблівую ўвагу гасцей прыцягнула спартзала. Як падкрэсліваецца ў семінарыі, адной фізічнай падрыхтоўкі недастаткова: толькі гарманічнае спалучэнне малітвы, духоўнай працы, інтэлектуальнага росту і фізічнага развіцця вядзе да паўнавартаснага фармавання асобы святара. Надпіс “Бог, сіла і дысцыпліна”, змешчаны на сцяне, нагадвае, што без жывых адносінаў з Богам няма сапраўднай унутранай сілы і вытрыманасці.
Цэнтральнай падзеяй візіту стала лекцыя “Подзвіг народа: 80 гадоў перамогі”, якую прачытаў Аляксандр Аляксеевіч Румак. Ён падкрэсліў важнасць захавання гістарычнай памяці і духоўнага адзінства ў сучасным свеце. Пасля лекцыі адбылася жывая дыскусія, у межах якой семінарысты атрымалі адказы на пытанні.
У завяршэнне сустрэчы біскуп Гродзенскі выказаў гасцям удзячнасць за ўвагу да духоўнай адукацыі. Ён адзначыў, што такі візіт у межах актавы Вялікадня – у сімвалічны час, калі Касцёл святкуе перамогу Езуса Хрыста над смерцю, пеклам і сатаной, – і ў Юбілейны год надзеі з’яўляецца знакам падтрымкі і надзеі для будучых святароў. Іерарх дадаў, што 80-годдзе перамогі нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне – нагода для глыбокага роздуму і малітвы.
Аляксандр Румак узгадаў прыклад святых мучанікаў з Росіцы і адзінаццаці благаслаўлёных назарэтанак з Навагрудка, падкрэсліўшы, што менавіта такія постаці паказваюць, чым з’яўляецца служэнне Богу і людзям, нават коштам уласнага жыцця. Таксама ён адзначыў важнасць захавання адзінства і міру ў краіне і выказаў надзею, што колькасць семінарыстаў будзе толькі павялічвацца.
Ігар Міхайлавіч Булаўка выказаў гатоўнасць да далейшага супрацоўніцтва і адкрытасць да дыялогу, падкрэсліўшы, што толькі разам, памятаючы мінулае, можна будаваць будучыню.
“Наша агульная задача – захоўваць памяць, каб было каму будаваць заўтра. Мы адкрытыя да супрацоўніцтва і гатовыя падтрымліваць духоўнае выхаванне моладзі”, – сказаў ён.
Удзельнікі сустрэчы адзначылі цёплую атмасферу, утульнасць і адкрытасць, якія пануюць у сценах семінарыі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Леанід Шчаглоў і «Гродзенская праўда»