У гэтыя дні глыбокага жалю і малітоўнага роздуму, калі ўвесь Каталіцкі Касцёл з болем у сэрцы перажывае адыход Святога Айца Францішка, я хачу выказаць словы шчырай удзячнасці ўсім людзям добрай волі, прадстаўнікам дыпламатычных місій, дзяржаўным уладам, а таксама ўсім, хто дасылае ў курыю словы спачування, малітвы і салідарнасці.
Вашы лісты, паведамленні і знакі ўвагі сведчаць пра тое, што постаць Папы Францішка была блізкай і дарагой шматлікім сэрцам — незалежна ад веравызнання, нацыянальнасці ці грамадскага становішча.
Ён быў Пантыфікам надзеі, міласэрнасці і дыялогу, чалавекам малітвы і служэння. Таму кожнае слова, якое мы сёння атрымліваем, — гэта не проста даніна павагі, але таксама сведчанне еднасці і агульначалавечых каштоўнасцяў.
Дзякуй усім вам за духоўную падтрымку і прысутнасць у гэты асаблівы час.
Пра ўсіх вас памятаю ў малітве.
Уладзімір Гуляй
Біскуп Гродзенскi