Духоўны тэстамент Францішка змяшчае ўказанні адносна яго пахавання ў Базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ. Ён быў складзены 29 чэрвеня 2022 года ў Доме святой Марты.
Увечары 21 красавіка 2025 года Зала Друку Святога Пасада апублікавала духоўны тэстамент Папы Францішка, у якім ён просіць Пана дараваць заслужаную ўзнагароду ўсім тым, хто любіў яго і працягвае маліцца аб ім, а таксама выказвае волю адносна месца свайго пахавання.
“Miserando atque Eligendo” – гэтым лацінскім дэвізам распачынаецца запавет Папы, увесь пантыфікат якога прайшоў пад знакам міласэрнасці.
У тэксце на італьянскай мове Францішак напісаў: “У імя Найсвяцейшай Тройцы. Амэн. Адчуваючы, што маё зямное жыццё набліжаецца да заходу, і з жывой надзеяй на жыццё вечнае, жадаю выказаць сваю тэстаментарную волю толькі адносна месца майго пахавання.
Сваё жыццё і святарскае і біскупскае служэнне я заўсёды давяраў Маці нашага Пана, Найсвяцейшай Марыі. Таму прашу, каб мае зямныя парэшткі спачывалі ў чаканні дня ўваскрасення ў Папскай базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ.
Жадаю, каб маё апошняе зямное падарожжа завяршылася менавіта ў гэтым старажытным марыйным санктуарыі, куды я накіроўваўся для малітвы на пачатку і ў канцы кожнага апостальскага падарожжа, давяраючы свае намеры Беззаганнай Маці і дзякуючы Ёй за Яе лагодную і мацярынскую апеку.
Прашу, каб мая магіла была падрыхтавана ў нішы бакавой навы паміж Капэлай Паоліна (Капэлай Salus Populi Romani) і Капэлай Сфорца вышэйзгаданай Папскай базілікі, як паказана ў прыкладаемым дадатку.
Магіла павінна быць у зямлі; простая, без асаблівых упрыгожанняў і з адзіным надпісам: Franciscus.
Выдаткі на падрыхтоўку пахавання будуць пакрыты з сумы ахвяравання, якую я даручыў перавесці ў Папскую базіліку Санта-Марыя-Маджорэ. Указанні адносна гэтага я перадаў мансіньёру Раландасу Макрыцкасу, надзвычайнаму камісару Ліберыянскага Капітула.
Няхай Пан даруе заслужаную ўзнагароду ўсім тым, хто мяне любіў і працягвае маліцца за мяне. Пакуты, якія азначылі апошні перыяд майго жыцця, я ахвярую Пану за мір у свеце і братэрства паміж народамі”.