22 красавіка біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй у духу сыноўскай пашаны, вернасці і адзінства са Святым Пасадам наведаў Апостальскую нунцыятуру ў Беларусі.
Мэтай візіту было выказаць з нагоды адыходу ў вечнасць Папы Францішка словы глыбокага спачування і духоўнай салідарнасці ад супольнасці Касцёла на Гродзеншчыне – духавенства, кансэкраваных асобаў і вернікаў.
Біскуп сустрэўся з Часовым павераным у справах Святога Пасаду ў Беларусі кс. прэлатам Кшыштафам Сэрокам і ўнёс запіс у Кнігу спачуванняў, у якой засведчыў удзячнасць Папу Францішку за яго пакорнае і вернае служэнне Касцёлу.
“Верым, што Хрыстус, Добры Пастыр, прыме Папу Францішка ў Сваё Валадарства і адорыць яго вечным спакоем за яго верную службу Евангеллю. Дзякуй, Папа Францішак. Ты вучыў нас быць людзьмі Божымі. Спачывай у супакоі”, – напісаў біскуп.
Пасля ў капліцы нунцыятуры адбылася святая Імша за супакой душы Папы. Цэлебрацыю ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. У Імшы ўдзельнічалі біскупы Беларусі, мансеньёр Кшыштаф Сэрока, іншыя святары, супрацоўнікі нунцыятуры.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі