Пахаванне Папы Францішка адбудзецца 26 красавіка 2025 года. Літургія распачнецца а 10.00 па цэнтральнаеўрапейскім часе на плошчы перад Базілікай Святога Пятра.
Рашэнне аб даце пахавання было прынята кардыналамі, якія прысутнічалі на першай генеральнай кангрэгацыі, скліканай пасля смерці Святога Айца. Яна адбылася раніцай 22 красавіка 2025 года ў ватыканскай Зале Паўла VI.
Служба папскіх літургічных цэлебрацый паведаміла, што пахавальную Імшу ўзначаліць кардынал Джавані Батыста Рэ, дэкан Калегіі кардыналаў. Яе змогуць канцэлебраваць патрыярхі і кардыналы, арцыбіскупы, біскупы і святары.
Пасля эўхарыстычнай цэлебрацыі адбудуцца абрад і малітва апошняга развітання (Ultima commendatio і Valedictio). Затым труну з целам Пантыфіка перанясуць у Базіліку Святога Пятра, а адтуль – у Базіліку Санта-Марыя-Маджорэ для пахавання.