Skip to main content

Ранішняя ўрачыстая Імша Велікоднай нядзелі адбылася ў гродзенскай катэдры

rezurekcja 19Раніцай 20 красавіка, у нядзелю Уваскрасення Пана, у катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася ўрачыстая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

Перад Імшой адбылася рэзурэкцыйная працэсія, якая па традыцыі прайшла па вуліцах Гродна. У ёй удзельнічала вялікая колькасць вернікаў. Іх шэсце па вуліцах горада было сведчаннем веры ва ўваскрасенне Езуса Хрыста, які, пакінуўшы магілу, перамог смерць, пекла і сатану.

rezurekcja 11

Святую Імшу біскуп цэлебраваў у інтэнцыі ўсёй сям’і Касцёла на Гродзеншчыне.

У гаміліі іерарх адзначыў, што вера ў Хрыста і ў Яго ўваскрасенне “надае сэнс жыццю, узмацняе надзею і ажыўляе сум па чымсьці або кімсьці больш цудоўным, чым мы можам уявіць”. Таксама ён патлумачыў, што адсунуты камень, які, як апісана ў Евангеллі, ляжаў ля пустой магілы Хрыста, сімвалізуе “запрашэнне ўвайсці ў глыбіню”, “прайсці ад знешняга да ўнутранага, ад літары да духу, ад чыстай рацыянальнасці да веры, ад смерці да жыцця”.

rezurekcja 23

Біскуп прывёў тры высновы, якія вынікаюць з падзеі ўваскрасення Езуса. Па-першае, гэтая падзея “аб’яўляе Хрыста сапраўдным”: “гэта азначае, што ўсё, што Ён абвяшчаў і прадказаў, спраўдзілася, а значыць, мае сэнс любоў да бліжняга, да ворагаў, за добрыя ўчынкі настае адплата, ніякая чалавечая ахвяра не бывае марнай, існуе жыццё вечнае”. Па-другое, уваскрасенне паказвае, што Езус “здольны быць з намі цяпер і заўсёды”, паколькі Ён Бог, які ўжо прабывае ў хвале. “Над Ім ужо не маюць улады зямныя абмежаванні, Ён па-за зямным часам і матэрыяльнай прасторай, таму можа прабываць паўсюль, дзе знаходзімся мы як Яго Касцёл”, – патлумачыў біскуп. Па-трэцяе, “Езус уваскрос у чалавечай цялеснасці”, “правёў нашу чалавечую прыроду праз магілу”, і гэта значыць, што “для нас была пракладзена дарога”: “у магіле застаецца наш стары чалавек, кожны чалавечы грэх, а мы ўжо з хвалебнай, перамененай прыродай увойдзем у іншае жыццё”. “Гэта таксама гарантыя, што нашы жаданні і чаканні споўняцца. Смерць – гэта для нас пачатак, брама да вечнага жыцця, а не нейкі бессэнсоўны канец і знішчэнне”, – сказаў біскуп.

Па яго словах, уваскрасенне Езуса “перавышае нашы пазнавальныя магчымасці, але мы яго прымаем, бо яго прымае вера”.

Іерарх дадаў, што Езус хоча, каб Яго сведкі, “жывучы пасхальнай праўдай, распаўсюджвалі надзею”. “Калі мы адкрываем нашы розумы і сэрцы для іншых, асабліва для тых, каму патрэбна дапамога і падтрымка, мы зможам прапанаваць ім Слова жыцця і сведчанне любові Бога”, – сказаў ён.

Біскуп нагадаў, што, як апісана ў Евангеллі, Хрыстус пасля ўваскрасення з’яўляўся перад рознымі людзьмі, дзякуючы чаму яны змаглі зразумець, што значыць уваскрэснуць. Іерарх пажадаў усім знайсці ў Езусе сваё ўваскрасенне і жыццё гэтак жа, як тыя людзі.

Ён павіншаваў з Вялікаднем католікаў і іншых хрысціян, якія сёлета таксама святкавалі гэтую ўрачыстасць у гэты дзень, і пажадаў Хрыстовага святла і благаслаўлення, моцнай веры і любові да Бога і бліжняга ўсім людзям і ўсёй Беларусі, “каб яна з дня на дзень уваскрасала да новага жыцця”.

У канцы літургіі пробашч катэдральнай парафіі кс. канонік Ян Кучынскі падзякаваў біскупу за ўзначальванне цэлебрацый Пасхальнага Трыдууму і Велікоднай нядзелі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Агата Фядкевіч