21 красавіка, у Велікодны панядзелак, у гродзенскай катэдры адбылася Імша падзякі за дар жыцця і служэння Папы Францішка, які адышоў у вечнасць, а таксама ў інтэнцыі яго збаўлення.
Літургію ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, у ёй удзельнічалі біскуп Аляксандр Кашкевіч, іншыя святары, парафіяне.
У гаміліі пастыр Гродзенскай дыяцэзіі сказаў, што ўспрымае развітанне з Наступнікам святога Пятра “з глыбокім смуткам, але і з надзеяй”. “Мы з болем прымаем гэту навіну, але як людзі веры бачым у ёй не толькі чалавечую страту, але і духоўную таямніцу: Бог забраў свайго вернага слугу менавіта тады, калі ўсё хрысціянства святкуе новае жыццё”, – дадаў іерарх, нагадваючы, што Папа памёр у актаву Вялікадня.
Біскуп прыгадаў звесткі з жыцця Папы: нарадзіўся ў Буэнас-Айрэсе ў сям’і італьянскіх імігрантаў, працоўны шлях пачынаў як тэхнік-хімік, пакліканне да святарства прывяло яго ў Таварыства Езуса, быў правінцыялам езуітаў у Аргентыне, затым арцыбіскупам Буэнас-Айрэса; яго ведалі як чалавека, які ездзіў у метро, гатаваў сабе ежу, служыў бедным на ўскраінах; у 2013 г., калі яго выбралі Папам, ён стаў першым пантыфікам з Лацінскай Амерыкі, першым езуітам і першым, хто ўзяў імя Францішак. Біскуп патлумачыў, што ў гэтым імені заключалася пасланне новага Папы: падкрэслівалася, наколькі важныя “сціпласць, братэрства, любоў да стварэння, клопат пра бедных”.
Іерарх дадаў што з пачатку свайго пантыфікату гэты Папа “паказваў, што хоча не валадарыць, а служыць”; яго пантыфікат “заклікаў Касцёл быць жывым, адкрытым, дынамічным”. Ён казаў: “Лепш Касцёл паранены, але які выходзіць на вуліцы, чым хворы ад замкнёнасці”, вучыў, што “святасць – не толькі для святых у нішах алтароў, але для настаўніц, маці, працоўных, бабуль, моладзі”.
“Ён адкрыў Касцёл для тых, хто страціў надзею, для людзей, якія перажылі развод, залежнасць, слабасць, цяжкі грэх. Ён не змяняў вучэння Касцёла, а змяняў спосаб, як мы глядзім на чалавека: праз вочы Езуса, а не праз халодныя крытэрыі закона”, – падкрэсліў біскуп.
Па словах іерарха, Папа Францішак імкнуўся дапамагчы кожнаму чалавеку адчуць, што Бог сапраўды чакае яго, што Ён побач.
Акрамя таго, дадаў біскуп, гэты Папа звяртаў вялікую ўвагу на стаўленне да Зямлі і ўсяго жывога, “быў голасам бежанцаў, мігрантаў, бедных, хворых, пажылых”, а таксама “звяртаўся да ўсяго чалавецтва з пасланнем братэрства”.
Смерць Папы ў актаву Вялікадня пастыр Касцёла на Гродзеншчыне назваў “красамоўным і суцяшальным знакам”. “У гэтыя дні, калі Касцёл спявае “Аллелюя”, Папа скончыў свой зямны шлях, каб спаткацца з Панам тварам у твар. Ён, які нагадваў, што Бог – гэта Айцец, поўны спачування, цяпер ужо глядзіць у Яго вочы. Ён, які казаў пра супакой Хрыстовы, цяпер сам пачуў: “Супакой табе”. Ён, які верыў у Божую міласэрнасць, цяпер ужо цалкам у яе абдымках”, – сказаў біскуп.
Іерарх заклікаў маліцца за спачылага Папу і пажадаў, каб сэрцы людзей “былі напоўнены не толькі смуткам, але і падзякай” – за яго жыццё, сведчанне, пантыфікат.
“Ён вучыў нас бачыць у бедным аблічча Езуса. Вучыў не баяцца быць Касцёлам, які выходзіць, шукае, слухае, лечыць і любіць. Ён ужо не сярод нас, але яго дух з намі. Яго словы будуць жыць. Яго прыклад будзе асвятляць шлях Касцёла яшчэ доўга, бо яго жыццё было Евангеллем у дзеянні”, – падкрэсліў біскуп.
Іерарх назваў незабыўным той момант, калі дзень таму, у Велікодную нядзелю, “Папа, пазначаны пакутамі, зноў з’явіўся ў акне Апостальскага палаца і ў апошні раз удзяліў благаслаўленне Urbi et Orbi”. “Можам быць упэўненыя, што наш любімы Папа зараз стаіць ля акна дома Айца, глядзіць на нас і благаслаўляе”, – сказаў біскуп і пажадаў спачыламу, каб “Пан, які перамог смерць, прыняў яго душу ў сваё Валадарства” і каб Францішак Асізскі, чыё імя Папа ўзяў, заснавальнік яго ордэну Ігнацый Лаёла і ўсе іншыя святыя сустрэлі яго ў нябеснай радасці.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі