Skip to main content

Папа Францішак адышоў у вечнасць

GAllzTBdpqcQ 7RdGg2DlFACBag91ivQ21 красавіка 2025 года ў 7:35 раніцы папа Францішак адышоў у вечнасць. Пра яго смерць паведаміў кардынал Кэвін Фарэл, які падкрэсліў, што ўсё жыццё Святога Айца было прысвечана служэнню Богу, Касцёлу і асабліва найбяднейшым.

“Дарагія браты і сёстры, з глыбокім болем мушу абвясціць пра смерць нашага Святога Айца Францішка. У 7:35 гэтай раніцы Біскуп Рыма, Францішак, вярнуўся ў дом Айца. Яго жыццё цалкам было прысвечана служэнню Пану і Яго Касцёлу”, – адзначыў кардынал Фарэл у сваім звароце.

Згодна з тэкстам паведамлення, Пантыфік пакінуў глыбокі след сваім прыкладам вернасці евангельскім каштоўнасцям. “Ён навучыў нас жыць каштоўнасцямі Евангелля з вернасцю, мужнасцю і ўніверсальнай любоўю, асабліва на карысць найбяднейшых і адкінутых на ўзбочыну грамадства”, – падкрэсліў кардынал.
Прыклад сапраўднага вучня Пана Езуса

Завяршаючы сваё паведамленне, кардынал Фарэл выказаў глыбокую ўдзячнасць за сведчанне веры, якое даваў Папа: “З бязмежнай удзячнасцю за яго прыклад сапраўднага вучня Пана Езуса, даручаем душу папы Францішка бясконцай міласэрнай любові Бога Адзінага і Тройцы”.

Папа Францішак (Хорхе Марыа Берголіа) быў абраны Пантыфікам 13 сакавіка 2013 года, стаўшы першым Пантыфікам з Лацінскай Амерыкі і першым езуітам на папскім пасадзе. За гады свайго пантыфікату ён стаў вядомы сваёй прастатой, увагай да бедных, заклікамі да міру і клопатам пра навакольнае асяроддзе.
Святы Айцец працягваў актыўнае служэнне нягледзячы на праблемы са здароўем у апошнія гады. Яго энцыклікі Laudato si´ аб клопаце пра агульны дом і Fratelli tutti аб братэрстве і сацыяльным сяброўстве сталі важнымі дакументамі не толькі для Касцёла, але і для ўсяго свету.

Пачынаецца перыяд Sede Vacante

Згодна са шматвяковай традыцыяй Каталіцкага Касцёла, пасля смерці Пантыфіка пачынаецца перыяд Sede Vacante (Вакантны Пасад). У гэты час кіраванне Касцёлам пераходзіць да Калегіі кардыналаў на чале з кардыналам-камерленга – сёння гэта кардынал Кэвін Фарэл.

На працягу наступных дзён адбудуцца жалобныя цырымоніі, у якіх змогуць узяць удзел вернікі з усяго свету, каб развітацца са Святым Айцом. Варта адзначыць, што папа Францішак яшчэ пры жыцці выказваў жаданне быць пахаваным у рымскай базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ, куды часта прыходзіў маліцца перад абразом Маці Божай Salus Populi Romani (Збаўленне Рымскага народа). Гэта адступленне ад традыцыі апошніх стагоддзяў, калі Пантыфікі звычайна былі пахаваныя ў крыпце базілікі св. Пятра.

Канклаў выбера новага Біскупа Рыма

Толькі пасля пахавання кардыналы-выбаршчыкі (тыя, хто не дасягнуў 80-гадовага ўзросту) збяруцца на канклаў у Сікстынскай капэле, каб выбраць новага Біскупа Рыма і Наступніка св. Пятра.

Паводле Апостальскай Канстытуцыі Universi Dominici Gregis, дапоўненай motu proprio Бэнэдыкта XVI Normas Nonnullas, канклаў пачнецца не раней чым праз пятнаццаць дзён і не пазней чым праз дваццаць дзён пасля смерці Пантыфіка.

Для абрання Святога Айца патрэбна кваліфікаваная большасць у дзве трэці галасоў. Падчас канклава кардыналы будуць ізаляваныя ад знешняга свету, жывучы ў ватыканскім Доме св. Марты. Калі выбар будзе здзейснены, з коміна Сікстынскай капэлы з’явіцца белы дым – знак Habemus Papam (“У нас ёсць Папа”), пасля чаго кардынал-протадыякан абвесціць з лоджыі базілікі св. Пятра імя новага Пантыфіка.

Паводле Vatican news