Skip to main content

Біскуп Уладзімір Гуляй узначаліў Імшу Хрызма ў гродзенскай катэдры

hryzma 2217 красавіка, у Вялікі чацвер, у катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася Імша Хрызма, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

З часу прызначэння ардынарыем Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір цэлебраваў гэтую Імшу Хрызма ўпершыню.

У цэлебрацыі ўдзельнічаў таксама біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч. Да ўдзелу ў гэтай асаблівай літургіі, якая здзяйсняецца толькі ў Вялікі чацвер, запрашаюцца ўсе святары, якія служаць у мясцовым Касцёле. Такім чынам падкрэсліваюцца адзінства і непадзельнасць Хрыстовага святарства і духоўная сувязь, якая злучае ўсё духавенства дыяцэзіі разам з біскупам.

Падтрымаць малітвай служэнне святароў змаглі і іншыя ўдзельнікі літургіі: законныя сёстры, семінарысты, міністранты, вернікі розных парафій Гродна і наваколля.

Акрамя таго, на гэтай Імшы здзяйсняецца асвячэнне алею хворых і катэхуменаў і кансэкрацыя алею хрызма, неабходных для ўдзялення сакрамэнтаў.

Звяртаючыся да духавенства, біскуп Гродзенскі сказаў у гаміліі: “У сакрамэнце пасвячэння кожны з нас дзякуючы намашчэнню Духам Святым, значыць дзякуючы спецыяльнай ласцы Духа, стаў прыладай Хрыста для Яго Касцёла”. Таму гэтая Імша з’яўляецца для святароў нагодай да ўдзячнасці за дар паклікання і за ласку сакрамэнту пасвячэння, а таксама нагодай аднавіць святарскія абяцанні, дадаў іерарх.

hryzma 14

Біскуп звярнуў увагу на словы, якія прамаўляюцца пры ўдзяленні прэзбітэрскага пасвячэння, у якіх выказваецца пажаданне, каб Езус Хрыстус ахоўваў святара, дапамагаючы яму асвячаць людзей і прыносіць ахвяру Богу.

“Няхай наш Пан ахоўвае нашы намашчаныя святым алеем хрызма далоні, наша святарскае жыццё! Перад абліччам тых выклікаў, перад якімі мы ўсе сёння стаім як Касцёл, нам патрэбна, як казаў святарам Папа Францішак, стаўленне, якое нараджаецца з даверлівага ўспрымання рэчаіснасці, укаранёнага ў мудрай і жывой традыцыі Касцёла, які можа сабе дазволіць выплыць на глыбіню без страху, – адзначыў біскуп. – Калі Ён будзе нас весці, мы здолеем распазнаць перспектыву, да якой трэба імкнуцца. Намашчаныя Ім і пасланыя, мы не можам губляць даверу і надзеі. Не можам паддавацца страху ці апатыі. Не можам упадаць у сумненне і губляць ахвоту. Не можам сумаваць па свеце, які ўжо не існуе, але які ў нашых вачах па-ранейшаму выглядае бяспечным і прадказальным. Не можам – як нас перасцерагае сам Папа Францішак – быць як найміты, якія, бачачы, што набліжаецца воўк, уцякаюць у мінулае або ў будучыню. Сёння нам сапраўды патрэбны давер. І трэба – як яшчэ кажа нам Папа – вучыцца інтэрпрэтаваць рэчаіснасць вачыма Пана, значыць глядзець на свет так, як глядзіць Езус. Трэба любіць так, як любіць Ён. Трэба ісці тымі дарогамі, па якіх ідзе Ён”.

Па словах біскупа, калі святары будуць глядзець на свет вачыма Хрыста, то “не будуць схільныя канцэнтравацца на асуджэнні грахоў, а з любоўю вырушаць на пошук грэшнікаў”, “не будуць адкідваць тых, кім пагарджаюць, а будуць глядзець найперш на тых, якія лічацца апошнімі”.

hryzma 9

Біскуп назваў крыніцай сілы і дзейнасці святароў іх блізкасць з Езусам. “Без гэтай блізкасці наша служэнне асуджана на бясплоднасць”, – заўважыў іерарх і дадаў, што без яе святар становіцца звычайным працаўніком, “усё больш змучаным і самотным”, якому пагражае “спакуса адыходу ці здрады”.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што ў цэнтры выклікаў, якія стаяць перад святарамі, знаходзіцца “канкрэтны чалавек, які пакутуе, з сумам і надзеяй глядзіць у будучыню”, і што яны павінны быць блізкімі да гэтага чалавека, “каб несці яму суцяшэнне і канкрэтную падтрымку”. Ён нагадаў яшчэ адно выказванне Папы Францішка: “Пастыр, молячыся, нясе сляды ран і радасці свайго народу, якія ў маўчанні прадстаўляе Пану, каб той намасціў іх дарам Духа Святога”.

Прысутныя святары аднавілі абяцанні, якія давалі падчас прэзбітэрскага пасвячэння, просячы ў Бога моцы духу нa далейшыя гады служэння, у рэалізацыі сваіх задач. Аднаўленне святарскіх абяцанняў садзейнічае таму, каб духавенства адрадзіла ў сабе руплівасць, зноў запаліла полымя любові да Хрыста і Яго Касцёла, абудзіла ў сваіх сэрцах давер да Езуса.

hryzma 20

У канцы літургіі ад імя ўсіх дыяцэзіяльных святароў, а таксама святароў і сясцёр з манаскіх супольнасцяў, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі, з віншаваннямі да біскупаў Уладзіміра і Аляксандра звярнуўся дэкан катэдральнага капітулу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога каралевіча Казіміра кс. канонік Генрык Яблонскі. Ад імя Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі віншаванні іерархам выказаў а. Аляксандр Махнач SP.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падзякаваў святарам за служэнне, асабліва ў насычаны працай перыяд Вялікага посту, калі яны прысвячаюць шмат часу яднанню людзей з Богам у сакрамэнце пакаяння. Таксама ён падзякаваў усім вернікам дыяцэзіі, папрасіўшы не стамляцца ў малітве за біскупаў і за ўсё астатняе духавенства і ў малітве аб новых, шматлікіх і святых пакліканнях да служэння ў Касцёле.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі