15 красавіка ў Гродне з нагоды набліжэння ўрачыстасці Уваскрасення Пана адбыўся абед для маламаёмных і людзей без пэўнага месца жыхарства.
Як і кожны год, абед прыгатавалі манахіні Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі) разам з валанцёрамі пры падтрымцы дабрачыннага каталіцкага таварыства “Caritas” Гродзенскай дыяцэзіі.
Пасілак благаславіў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Таксама прысутнічалі дырэктар таварыства “Caritas” Гродзенскай дыяцэзіі кс. Віталій Дабраловіч, віцэ-канцлер Гродзенскай курыі кс. канонік Антоні Грэмза, пастар лютэранскай кірхі ў Гродне Уладзімір Татарнікаў, сакратар біскупа Гродзенскага кс. Анджэй Ганчар.
Прысутныя разам прамовілі малітву, якой навучыў Езус Хрыстус, просячы ў ёй найперш аб тым, каб Бог удзяліў кожнаму неабходныя ласкі.
Біскуп павіншаваў прысутных з блізкім святам Вялікадня.
“Хрыстус памёр на крыжы і ўваскрос – гэтая праўда напаўняе нашыя сэрцы сапраўднай радасцю. Ён жывы і сярод нас, Ён сабраў нас, каб дзяліцца з намі жыццём, – сказаў іерарх. – Жадаю вам, дарагія браты і сёстры, каб мы хадзілі ў святле ўваскрослага Хрыста, абвяшчалі перамогу Бога. Прабывайце ў пасхальнай радасці ўваскрослага Езуса!”
Таксама іерарх уручыў кожнаму ўдзельніку сустрэчы велікоднае яйка – сімвал плоднасці, адраджэння жыцця і знак перамогі Хрыста над смерцю.
Падобныя мерапрыемствы дапамагаюць маламаёмным і асобам без пэўнага месца жыхарства не страціць веру ў Бога і ў добрых людзей. Акрамя святочных сустрэч перад Вялікаднем і Божым Нараджэннем, для бедных штодня ладзяцца дармовыя абеды ў сталовай сясцёр назарэтанак. Людзі, якія маюць патрэбу ў вопратцы ці абутку, могуць звярнуцца з просьбай у таварыства “Caritas”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі