13 красавіка, у нядзелю Мукі Пана, вернікі парафіі Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы правялі інсцэніраваны Крыжовы шлях па вуліцах пасёлка.
Арганізоўваць такое набажэнства ўжо стала ў Вялікай Бераставіцы традыцыяй. Інсцэніраванае прадстаўленне апошніх гадзін зямнога жыцця Езуса Хрыста дапамагае лепш зразумець, якімі велізарнымі былі пакуты Збаўцы.
Акрамя таго, разважанні набажэнства даносілі да ўдзельнікаў думку, што кожны чалавек нясе ўласны крыж, якім можа быць хвароба, непаразуменне з іншымі людзьмі, выключэнне з нейкай супольнасці, іншыя жыццёвыя цяжкасці. Лейтматывам была тэма Божай любові, якая вучыць на ўзор Хрыста заўсёды любіць людзей і несці ім святло веры.
У канцы Крыжовага шляху пробашч парафіі а. Вальдэмар Слота CSsR падзякаваў акцёрам, якія прадстаўлялі евангельскіх персанажаў, за тое, што іх майстэрства дало шматлікім удзельнікам гэтага велікапоснага набажэнства магчымасць лепш усвядоміць яго сэнс. Святар падзякаваў таксама ўсім удзельнікам і пажадаў добра правесці распачаты нядзеляй Мукі Пана Вялікі тыдзень.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі