Skip to main content

Вернікі Сапоцкінскага дэканату здзейснілі пілігрымку ў гродзенскую катэдру

grodno sapockino 610 красавіка вернікі Сапоцкінскага дэканату здзейснілі пілігрымку ў катэдру св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. Катэдра знаходзіцца ў шэрагу святыняў, аб’яўленых юбілейнымі ў межах Юбілейнага 2025 года, за наведванне якіх можна атрымаць адпуст пры звычайных умовах.

У пілігрымцы ўдзельнічалі як свецкія вернікі, так і духавенства на чале з дэканам Сапоцкінскага дэканату кс. Антоніем Абухоўскім. У катэдры яны ўзялі ўдзел у святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
Імша цэлебравалася ў інтэнцыі вернікаў дэканату – тых, якія ўдзельнічалі ў гэтай пілігрымцы, і тых, якія духоўна далучыліся да іх. У пачатку літургіі біскуп сардэчна прывітаў прысутных і пажадаў, каб ласка Юбілейнага года ажывіла ў сэрцах людзей жаданне нябесных дабротаў і каб яны заўсёды імкнуліся да Хрыста, які дзеля іх памёр і ўваскрос.

У гаміліі біскуп падкрэсліў, што час Вялікага посту, “штогадовага велікапоснага паломніцтва”, як яго называе Папа Францішак, павінен так адкрыць людзей на Божую ласку, каб яны маглі радасна святкаваць пасхальны трыумф Хрыста над грахом і смерцю. Па словах іерарха, ад разумення і прыняцця таго, што Хрыстус з’яўляецца гарантам надзеі на спаўненне абяцання Бога Айца, залежыць тое, якім будзе плён Вялікага посту.

Біскуп засяродзіў увагу на тым, што прысутнасць Хрыста надае сэнс жыццю і дзейнасці чалавека. “Ён уваходзіць у кожную нашу гісторыю, – сказаў іерарх, – нават калі такая гісторыя, на наш погляд, дрэнна скончылася, калі мы не былі цалкам задаволеныя яе ходам і вынікам. Езус прыходзіць і хоча надаць гэтаму сэнс. Больш глыбокі сэнс, чым проста падабацца людзям, заваяваць апладысменты ці папулярнасць або зарабіць грошы”.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне патлумачыў, што, каб чалавечая дзейнасць і намаганні былі плённымі, яны “павінны быць укаранёны ў Божым вучэнні”. “Тады тое, што Бог хоча распачаць або ўсталяваць праз мяне, будзе працягвацца. Тады і я буду працягваць трываць, каб калісьці, убачыўшы, у чым я меў удзел, узрадавацца ў Богу”, – адзначыў біскуп.

Акрамя таго, іерарх нагадаў, як важна пастаянна паглыбляць веданне вучэння Езуса. “Калі я не пазнаю гэтае вучэнне лепш, то і не буду выконваць. Калі не буду выконваць – то абяцанне, дадзенае мне Езусам, не будзе дзейнічаць”, – сказаў біскуп. Ён падкрэсліў, што Бог хоча ўвайсці ў глыбіню жыцця кожнага чалавека і давесці таго да вялікай радасці ў Ім і з Ім.

Пасля Імшы пілігрымы мелі магчымасць індывідуальна памаліцца ў катэдры, у тым ліку перад абразом Маці Божай Кангрэгацкай.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі