У нядзелю 6 красавіка ў гродзенскіх парафіях Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Духа прайшлі заключныя акцыі “Жыць міласэрнасцю”. Мерапрыемства было арганізавана дабрачынным каталіцкім таварыствам “Caritas” Гродзенскай дыяцэзіі пры актыўнай падтрымцы валанцёраў таварыства.
Гэтая акцыя праводзілася ў час Вялікага посту ўжо не першы год. У яе межах прапаноўвалася набыць вырабы, створаныя валанцёрамі таварыства і людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Сродкі, атрыманыя ад продажу, накіроўваюцца на дапамогу дзецям з абмежаванымі магчымасцямі і тым, хто знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Прадстаўнікі таварыства “Caritas” выказваюць вялікую падзяку ўсім, хто далучыўся да акцыі.
“Акцыя стала свайго роду святам чалавечнасці і міласэрнасці, калі мы змаглі паказаць, што здольныя быць сапраўднымі братамі і сёстрамі адзін аднаму. Такія мерапрыемствы – не проста дапамога тым, хто знаходзіцца ў цяжкім становішчы, але і сапраўдны шанц для кожнага з нас стаць лепшым чалавекам, сведчанне таго, як важна быць добрым і спачувальным да тых, каму неабходныя асаблівая ўвага і падтрымка ў цяжкі час. Дапамагаючы людзям, якія знаходзяцца ў патрэбе, вашы ахвяраванні робяць жыццё больш светлым і чалавечным. Разам мы можам зрабіць наш свет лепшым!” – адзначаюць арганізатары.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі