Skip to main content

Слова біскупа Гродзенскага да вернікаў дыяцэзіі наконт Калекты на патрэбы Касцёла ў Святой Зямлі

IMG 9587горизонтУмілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры,

Дарагія вернікі нашай дыяцэзіі,

Ужо больш за 50 гадоў штогод у Вялікую пятніцу па распараджэнні Папы Паўла VI у Паўсюдным Касцёле праводзіцца так званая Калекта на патрэбы Касцёла ў Святой Зямлі, вядомая таксама як збор ахвяраванняў на Гроб Пана. Яе мэта – аказанне канкрэтнай падтрымкі малым супольнасцям розных абрадаў Каталіцкага Касцёла, якія знаходзяцца ў вельмі цяжкай сітуацыі з прычыны пастаянных войнаў і ўзброеных канфліктаў, узмацнення пераследу на этнічнай, расавай і рэлігійнай падставе, эканамічных і гуманітарных крызісаў, а ў апошнія гады таксама з прычыны рэзкага скарачэння пілігрымкавага і турыстычнага руху ў сувязі з пандэміяй каранавірусу.

Мясцовыя хрысціянскія супольнасці розных традыцый у Святой Зямлі бяруць пачатак з часоў Езуса Хрыста, таму іх прысутнасць і сведчанне веры маюць велізарную каштоўнасць для ўсяго Касцёла, нашым жа супольным абавязкам з’яўляецца падтрымліваць іх, каб яны маглі вытрываць, нягледзячы на ўсе нягоды.

У сувязі з вышэйсказаным вельмі прашу вас, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі, узяць удзел у сёлетняй Калекце Вялікай пятніцы і шчыра падтрымаць, па меры магчымасці, хрысціянскія супольнасці ў Святой Зямлі ў духу сапраўднай любові, салідарнасці і братэрства.
Загадзя дзякуючы за станоўчы адказ на маю просьбу, усіх вас, дарагія браты і сёстры, з усяго сэрца благаслаўляю і жадаю глыбокага, шчодрага на духоўныя плёны правядзення Вялікага тыдня і Пасхальнага Трыдууму.

Ваш біскуп Уладзімір