Апошнім часам у Каталіцкім Касцёле на Беларусі назіраецца новая практыка абвяшчэння рэкалекцый свецкімі людзьмі самастойна або ў супрацоўніцтве са святаром. Сапраўды, на моцы прынятых сакрамэнтаў хросту і канфірмацыі свецкія вернікі маюць права і нават абавязак абвяшчаць Хрыста словам, а перадусім сведчаннем свайго жыцця. Аднак, каб праводзіць рэкалекцыі, абвяшчаць канферэнцыі, катэхізаваць, яны павінны мець адпаведную місію ад біскупа месца. Дзеля гэтага неабходна кіравацца нормамі кананічнага права (гл. ККП, кан. 208-231) і літургічнымі прадпісаннямі. «Касцёльная ўлада мае права кіраваць ажыццяўленнем правоў, якія належаць вернікам, беручы пад увагу агульнае дабро» (ККП, кан. 223 §2).
З мэтаю захавання парадку і адзінства ў абвяшчэнні Божага слова Камісія Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі нагадвае, што свецкія вернікі, якія жадаюць самастойна або ў супрацоўніцтве са святаром праводзіць рэкалекцыі, павінны мець тэалагічную адукацыю (прынамсі ўзроўню каледжа), пры неабходнасці адпаведную кваліфікацыю (напр. сямейны дарадчык, псіхолаг і г.д.) і дазвол ардынарыя месца. Для гэтага яны павінны своечасова пісьмова звярнуцца ў курыю адпаведнай дыяцэзіі, а таксама прадставіць тэму і план рэкалекцый. Публічна паведамляць (таксама ў інтэрнэце) пра тэрмін і месца рэкалекцый можна толькі пасля атрымання дазволу біскупа. Дазвол датычыць канкрэтных рэкалекцый. Кожныя наступныя рэкалекцыі патрабуюць сваёй апрабацыі.
Біскупы паасобных дыяцэзій у межах сваей тэрыторыі могуць выдаваць на вызначаны тэрмін кананічную місію для свецкіх прапаведнікаў так, як і для катэхетаў. Для гэтага неабходна прадставіць у курыю наступныя дакументы: просьба аб кананічнай місіі, дыплом аб тэалагічнай адукацыі, характарыстыку пробашча (або святара, адказнага за малітоўную супольнасць), якая датычыць кананічнай місіі.
Свецкія людзі, калі яны маюць на гэта дазвол або місію, могуць абвяшчаць рэкалекцыйныя канферэнцыі, аднак заўсёды па-за літургіяй, паколькі імшальная гамілія прызначана толькі для тых, хто мае сакрамэнт пасвячэння. «Гамілію звычайна прамаўляе сам цэлебруючы святар; ён можа даручыць гэта канцэлебруючаму святару або, калі гэта мэтазгодна, таксама дыякану, але ніколі – свецкай асобе» (Агульныя ўводзіны да Рымскага Імшала для дыяцэзій на Беларусі, п. 66).
Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB
Старшыня Камісіі Божага Культу
і Дысцыпліны Сакрамэнтаў
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі