Skip to main content

Велікапосныя рэкалекцыі прайшлі ў парафіі ў Суботніках

subotniki rec 7З 4 па 6 красавіка ў парафіі св. Уладзіслава ў Суботніках (Іўеўскі дэканат) прайшлі велікапосныя рэкалекцыі. У гэтым годзе пробашч кс. Аляксандр Лебядзевіч запрасіў правесці іх кс. Паўла Аляскевіча, вікарыя навагрудскай парафіі св. Арханёла Міхала.

Святыя Імшы з навукай для вернікаў адбываліся ў касцёле ў Суботніках і капліцы Хрыста Валадара Сусвету і Маці Божай Фацімскай у Жамыслаўлі. У межах трохдзённых разважанняў была ўзнята тэма граху. У словах навукі рэкалекцыяніст звяртаўся да прыкладаў з літургічнага чытання Евангелля.

У першы дзень увага была звернута на шлях ад спакусы да граху. Святар даносіў да прысутных наступныя думкі: спакуса – яшчэ не грэх, але калі чалавек набліжаецца да яе, прыглядаецца, прыслухоўваецца і робіць, як здаецца, самастойны свабодны выбар (не давяраючы Богу, бо думае, што зможа сам стаць шчаслівы), то паступова перастае быць гаспадаром для сябе і здзяйсняе дрэнны ўчынак; зграшыўшы, ён адчувае горыч і неспакой, бо падмануўся, думаючы, што зможа без Бога кіраваць сваім жыццём.

subotniki rec 6

Святар паказаў вернікам “шпаргалку” – далонь, кожны палец якой нагадвае пра шлях ад спакусы да граху і пакаяння.

Пасля Імшы адбыўся Крыжовы шлях.

Другі дзень рэкалекцый быў днём споведзі. У канфесіянале служылі святары суседніх парафій, і шмат вернікаў прыступілі да сакрамэнту пакаяння. У навуцы адзначалася наступнае: адзін грэх вядзе да другога (часта ў адносінах з блізкімі ўзнікаюць непаразуменні, што парушае гэтыя адносіны і можа прывесці да нянавісці); пакаянне – гэта працэс разумення сябе, сваіх грахоў, калі чалавек шкадуе і яму баліць сэрца за зробленае.

Таксама рэкалекцыяніст выказаў думку, што людзі часта злоўжываюць любоўю Бога і што, разважаючы аб міласэрнасці Бога, трэба вучыцца адкрываць Яго любоў, прыходзіць да Яго.

У трэці дзень у навуцы сцвярджалася наступнае: Бог пастаянна шукае чалавека, змагаецца за яго, і важна давяраць Яму ў гэтай барацьбе; грэх – пракляцце і забойца, зло хоча знішчыць чалавека, а Бог – падтрымаць, накіраваць, дапамагчы; у кожнага ёсць людзі, якія пра яго клапоцяцца, іх дае Бог, паказваючы праз іх сваю любоў, абарону, клопат; верыць у Бога азначае верыць у Яго любоў, і тады ў чалавека з’яўляюцца сілы даверыцца Яму.

Святар заклікаў парафіян аддаць Богу ўсё, што з’яўляецца цяжарам для іх сэрцаў, і прасіць Бога прыняць іх слабасці.

Парафіяне і пробашч падзякавалі рэкалекцыяністу за словы навукі, назваўшы іх змястоўнымі і мудрымі. Парафіяне былі вельмі рады бачыць ксяндза Паўла, які ў 2012 годзе распачынаў у Суботніках сваё святарскае служэнне. У сваю чаргу той сказаў, што “першая парафія, як першае каханне, не забываецца ніколі” і што ён таксама ўзгадвае ў малітвах тутэйшых вернікаў.

Людміла Пясецкая, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі