29 сакавіка ў гродзенскай парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай прайшоў велікапосны дзень засяроджання для дзяцей.
У сустрэчы ўдзельнічала больш за 50 дзяцей. Разам з імі прысутнічалі іх маці, а таксама моладзь парафіі.
Распачалася сустрэча святой Імшой у парафіяльнай капліцы, якую цэлебраваў пробашч кс. канонік Юрый Марціновіч.
У гаміліі святар звярнуў увагу на тое, што час Вялікага посту павінен падштурхнуць чалавека прыгледзецца да сваёй душы, каб ачысціць яе праз споведзь, малітву, добрыя ўчынкі, справы міласэрнасці, а найперш праз распальванне ў сабе агню любові да Бога.
У межах дня засяроджання была праца ў групах, калі дзецям нагадвалася, што кожны грэх засмучае Бога і аддаляе чалавека ад Яго.
Завяршэннем сустрэчы быў Крыжовы шлях па вуліцах мікрараёна, у якім знаходзіцца парафія. Дзеці неслі вялікі крыж і стараліся ўважліва слухаць разважанні кожнай стацыі набажэнства, у якіх тлумачылася вучэнне Езуса.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Артур Антушэвіч