Skip to main content

У Гродне стартавала велікодная акцыя “Caritas” “Жыць міласэрнасцю”

karitas 423 сакавіка, у Трэцюю нядзелю Вялікага посту, дабрачыннае каталіцкае таварыства “Caritas” Гродзенскай дыяцэзіі распачало велікодную акцыю “Жыць міласэрнасцю”.

У гэты дзень акцыя прайшла пры падтрымцы валанцёраў таварыства ў гродзенскіх парафіях Найсвяцейшага Адкупіцеля і св. Айца Піо.
Таварыства запрашае ўсіх жадаючых узяць удзел у гэтай акцыі. Для гэтага прапануецца набыць вырабы, створаныя валанцёрамі таварыства, і шматлікія вырабы, зробленыя людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Акрамя таго, можна набыць розныя тэматычныя самаробныя рэчы з дрэва. Тыя, хто набываюць гэтыя вырабы, тым самым дапамагаюць у аказанні духоўнай і матэрыяльнай падтрымкі дзецям з абмежаванымі магчымасцямі і людзям, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

“Вялікі пост з’яўляецца асаблівым часам атрымання Божых ласк, часам, які запрашае задумацца і прааналізаваць сваё жыццё і рэчаіснасць, – адзначаюць прадстаўнікі “Caritas”. – Вашая дапамога – гэта ўвасабленне міласэрнасці Хрыста, аб якой мы асабліва ўзгадваем у час Вялікага посту”.

Акцыя пройдзе ў наступныя нядзелі (перад святымі Імшамі і пасля іх) у наступных гродзенскіх парафіях:

30 сакавіка – парафія св. Францішка Ксаверыя (катэдра)

6 красавіка – парафія Беззаганага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, парафія Святога Духа

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі