25 сакавіка ў гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкім) адзначалася адпустовая ўрачыстасць тытулу святыні.
Урачыстую Эўхарыстыю апоўдні ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, канцэлебравалі біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч і святары з суседніх парафій. У літургіі ўдзельнічала шмат вернікаў розных парафій горада, студэнты Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, манахіні Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.
Рэктар касцёла кс. канонік Антоні Грэмза прывітаў прысутных.
Кажучы пра ўрачыстасць Звеставання Пана, якая святкавалася ў гэты дзень, біскуп Гродзенскі адзначыў у гаміліі, што “Таямніца Звеставання з’яўляецца пачаткам Таямніцы Уцелаўлення і Адкуплення”. Іерарх звярнуў увагу на тое, што Панна Марыя згадзілася з задумай Бога, якая заключалася ў тым, каб Яна нарадзіла Збаўцу свету, і што Яна аддалася Божым планам “з поўным даверам, разумеючы і прымаючы іх як найлепшае рашэнне”. “Праз гатоўнасць прыняць Божую волю Яна становіцца недасяжным узорам для ўсіх, хто з верай адкрываецца на Слова Божае”, – сказаў біскуп. Ён дадаў, што, акрамя гэтага, Панна Марыя “вучыць нас таксама жыць у эўхарыстычнай паставе, а менавіта дзякаваць і праслаўляць, а не толькі засяроджвацца на праблемах”.
Іерарх нагадаў, што Звеставанне – дзень цудоўнага зачацця Хрыста – святкуецца роўна за дзевяць месяцаў да Нараджэння Пана. “Бог вырашыў сысці на зямлю як адзін з людзей. Падобнае здарэнне не мела прэцэдэнту, ніколі больш не паўтарылася. Таму мы святкуем гэты момант, калі “Слова стала Целам” ва ўлонні Панны Марыі, – патлумачыў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне. – Гэта падзея паказвае, што Бог не жадае рэалізоўваць свае збаўчыя планы без удзелу чалавека. Марыя не з’яўляецца бязвольным інструментам, якім Бог скарыстаўся, каб нарадзіцца з Яе. Усё адбываецца ў атмасферы свабоды і даверу. Пасланне, накіраванае да Марыі, паважае Яе свабоду і залежыць ад Яе згоды”.
Па словах біскупа, урачыстасць Звеставання заахвочвае падзякаваць Богу, “які пра нас не забыўся і сам паспяшаўся нам на дапамогу, вырываючы нас з няволі граху і сатаны і вяртаючы неба”; заахвочвае давяраць Богу, “які ведае, што для нас лепш”.
Іерарх дадаў, што, акрамя таго, гэтая ўрачыстасць кажа “пра святасць чалавечага жыцця з моманту зачацця”. Ён нагадаў, што “многія людзі, адчувальныя да каштоўнасці чалавечага жыцця, прымаюць абавязак духоўнай апекі над зачатым дзіцяткам (духоўнага ўсынаўлення), якое заключаецца ў малітоўным суправаджэнні аднаго з зачатыx дзяцей да моманту яго нараджэння”, і пахваліў гэтую ініцыятыву, сказаўшы: “Яна дае надзею на тое, што можа быць уратавана шмат безабаронных чалавечых жыццяў”.
Таксама біскуп нагадаў, што жыцці дзяцей, якія яшчэ не нарадзіліся, па-ранейшаму знішчаюцца і спосабаў іх знішчэння становіцца больш. Кажучы пра тое, што ў сёлетні Юбілейны год Касцёл заклікае людзей быць “пілігрымамі надзеі”, іерарх патлумачыў: “Быць пілігрымам надзеі – значыць змагацца за чалавечае жыццё, асабліва тое, якое пад пагрозай, безабароннае”.
Біскуп заахвоціў маліцца аб тым, “каб чалавечае жыццё ў нашай краіне шанавалася з моманту зачацця да натуральнай смерці, каб Дух Святы, які натхніў нашых братоў і сясцёр на высакародную ідэю духоўнага ўсынаўлення, даў ім ласку вытрываць у добрых намерах і каб на ўзор Хрыста і Яго Маці мы заўсёды былі поўныя веры, надзеі і любові”.
У канцы ўрачыстасці многія з прысутных вернікаў далучыліся да малітвы духоўнага ўсынаўлення.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі