Skip to main content

Біскуп Зноска правёў у Гродне дзень засяроджання для сясцёр назарэтанак

znosko nazaretanki 324 сакавіка дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска правёў у Гродне дзень засяроджання для Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.

Як паведамляе pinskdiocese.by, іерарх звязаны з сёстрамі назарэтанкамі з дзяцінства, калі ў Бярозаўцы, адкуль ён паходзіць, не было святыні і яго сям’я ездзіла ў фарны касцёл у Навагрудку. 

Біскуп успамінае, што, калі ён і яго родныя падыходзілі да навагрудскага касцёла, то спачатку маліліся каля вялікага місійнага крыжа, а потым бацькі вялі яго і старэйшую сястру да магілы навагрудскіх назарэтанак-мучаніц, якія загінулі ў часы Вялікай Айчыннай вайны і пахаваны каля касцёла. Там сям’я зноў малілася, бо маці будучага іерарха казала: “Тут пахаваныя святыя людзі”. “Я сведак, што ў мясцовых людзей задоўга да афіцыйнай беатыфікацыі было моцнае перакананне ў гераічным мучаніцтве сястры Стэлы і дзесяці яе паплечніц, якія загінулі ад рук гітлераўцаў пры генацыдзе беларускага народа”, – кажа біскуп.

Беларускія назарэтанкі на дзень біскупскага пасвячэння іерарха падарылі яму рэліквіі ўсіх адзінаццаці навагрудскіх мучаніц.

У межах дня засяроджання біскуп выступіў з канферэнцыяй і памаліўся разам з назарэтанкамі на адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Таксама адбылася Эўхарыстыя, на якой ён прасіў Бога аб новых і святых пакліканнях у гэтую манаскую супольнасць.

Асабліва радаснай была для біскупа сустрэча з с. Стэлай Ядкоўскай, з якой яны ў першыя гады яго святарскага служэння кожную суботу ездзілі наведваць хворых у абласны шпіталь у Гродне.