Skip to main content

Паведамленне біскупа Гродзенскага аб прызначэнні новага Апостальскага нунцыя ў Беларусі

IMG 9587горизонтУмілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі!

25 сакавіка 2025 года, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, Святы Айцец Францішак прызначыў Апостальскага нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь. Дыпламатычным прадстаўніком Апостальскай Сталіцы ў нашай краіне стаў ксёндз прэлат Іньяцыё Чэффаліа, якога Святы Айцец прызначыў тытулярным біскупам Фіарэнтына і ўзвысіў да годнасці арцыбіскупа.

Новапрызначаны Апостальскі нунцый паходзіць з Палерма ў Італіі, на працягу 19 гадоў знаходзіцца на дыпламатычнай службе Апостальскай Сталіцы, да цяперашняга часу працаваў у дыпламатычных місіях у Эквадоры, Тайландзе, Пастаянным Прадстаўніцтве Апостальскай Сталіцы пры Савеце Еўропы ў Страсбургу, у Дзяржаўным Сакратарыяце ў Ватыкане і ў Венесуэле.

Мы як вернікі Каталіцкага Касцёла ўдзячныя Святому Айцу Францішку за гэтае прызначэнне і вельмі цешымся, што ўжо ў хуткім часе ў нашу краіну прыбудзе дыпламатычны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы.

Ужо цяпер атулім новапрызначанага Апостальскага нунцыя нашымі малітвамі, каб ён мог як найлепш выконваць місію, даручаную яму Папам Францішкам, для дабра Каталіцкага Касцёла на Беларусі і ўсяго нашага грамадства.

Ваш біскуп Уладзімір