Skip to main content

У Індуры адбылося пахаванне с. Агнешкі Ляшко

pogrzeb s 78 сакавіка ў Індуры адбылося пахаванне сястры Агнешкі Ляшко. Пахавальную Імшу ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Канцэлебравалі літургію Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч.

У гаміліі арцыбіскуп нагадаў, што сястра Агнешка, больш вядомая пад іменем Лілія, шмат гадоў служыла ў Індуры і была найбліжэйшай памочніцай святой памяці а. Казіміра Жыліса SJ, калі той быў пробашчам мясцовай парафіі Найсвяцейшай Тройцы. Іерарх адзначыў, што дзякуючы старанням законніцы айцец Казімір, які прыехаў у Індуру з Літвы, абслугоўваў шмат парафій у наваколлі.

“Яе актыўнасці маглі пазайздросціць многія”, – сказаў арцыбіскуп. Па яго словах, яна бараніла Касцёл, вернікаў і святара, старанна падтрымлівала шматлікія ідэі і пастырскія ініцыятывы айца Жыліса. Калі айцец Казімір асацыюецца з індурскай парафіяй, тое ж можна сказаць і пра сястру Лілію, адзначыў арцыбіскуп, дадаўшы, што без іх гэтая парафія не была б тым, чым з’яўляецца сёння.

pogrzeb s 14

Ён нагадаў, што, адчуўшы пакліканне да манаскага жыцця, спачылая прысвяціла сваё жыццё евангельскім парадам чыстасці, убоства і паслухмянасці, каб служыць Касцёлу і людзям; простая і адданая сваёй манаскай супольнасці і Касцёлу, яна заслужыла вялікі аўтарытэт сярод вернікаў. Будучы законнай сястрой, яна стала таксама членам парафіяльнай супольнасці і ўпісалася залатымі літарамі ў яе гісторыю.

“Бог, якому яна служыла ўсё жыццё, паклікаў яе ў свой дом”, – сказаў арцыбіскуп. Ён заўважыў, што для няверуючага чалавека смерць – трагедыя, а для веруючага – пачатак новага жыцця. “Таму мы, веруючыя, глядзім на смерць праз прызму праўды Уваскрасення Хрыста, якая кажа, што вузкая сцежка да магілы – гэта не апошні шлях. Як Хрыстус уваскрос, так і мы ўваскрэснем”, – адзначыў іерарх.

Сястра Агнешка ведала словы Хрыста, што Ён дарога, праўда і жыццё, і жыла згодна з гэтым прынцыпам, дадаў арцыбіскуп і пажадаў: “Няхай апошняя дарога, якую яна здзяйсняе сёння на плячах іншых людзей, прывядзе яе ў радасць вечнага шчасця ў небе”.

Пасля Імшы спачылую пахавалі на мясцовых могілках.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі