8 сакавіка ў гродзенскай катэдры арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу з нагоды Міжнароднага жаночага дня.
У гаміліі ён павіншаваў прысутных жанчын са святам, пажадаў ім Божага благаслаўлення і поспехаў у жыцці. Іерарх нагадаў, што, хаця гэтае свята не з’яўляецца касцёльным, тым не менш у гэты дзень Касцёл моліцца ў інтэнцыях жанчын.
Арцыбіскуп адзначыў, што, паколькі сёлета 8 сакавіка прыпадае на перыяд Вялікага посту, то павінна перажывацца ў духу гэтага перыяду, з захаваннем хрысціянскіх велікапосных традыцый і асабліва з увагай да літургічнага чытання на гэты дзень – у прыватнасці Евангелля.
У евангельскім чытанні гэтага дня (Лк 5, 27-32) гаворыцца пра пакліканне Езусам мытніка Левія, які стаў апосталам Мацвеем. Разважаючы над гэтым фрагментам, арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў словы французскага мысляра Блеза Паскаля, што існуе дзве катэгорыі людзей: справядлівыя, якія лічаць сябе грэшнікамі, і грэшнікі, якія лічаць сябе справядлівымі. “У жыцці мы часта шукаем апраўдання: усе вакол вінаватыя, але не мы, – заўважыў арцыбіскуп. – Сучасны свет – свет Інтэрнэту і сацыяльных сетак, у якіх мы часта асуджаем іншых. Паступаючы так, мы думаем, што служым праўдзе і справядлівасці. Езус, наадварот, ідзе да грэшнікаў, спажывае з імі пасілак, суцяшае іх і заклікае да навяртання”. Адным з такіх людзей, дадаў іерарх, быў мытнік Левій – у вачах сваіх суайчыннікаў ён быў грэшнікам, а Хрыстус паклікаў яго стаць апосталам.
Па словах арцыбіскупа, калі, праходзячы каля мытні, Езус паклікаў Левія: “Ідзі за Мною”, той, напэўна, быў збянтэжаны. “Пакліканне з’яўляецца дарам і выклікам пакінуць сферу камфорту дзеля вышэйшай справы, і Левій яго прыняў”, – сказаў іерарх.
Арцыбіскуп адзначыў, што фарысеі не былі задаволены такім выбарам Езуса, але Ён супакоіў іх словамі, што лекар патрэбны хвораму, а не здароваму. У сувязі з гэтым іерарх дадаў: “Хоць мы грэшнікі, але павінны быць поўнымі надзеі, бо Бог заўсёды гатовы нам прабачыць”. Арцыбіскуп нагадаў прыказку, што святыя мацуюць мінулае, а грэшнікі – будучае.
Гродзенская катэдра, у якой цэлебравалася гэтая Імша, з’яўляецца адным з касцёлаў, якія вызначаны як юбілейныя ў межах 2025 Юбілейнага года. Кажучы пра Юбілейны год і яго дэвіз “Пілігрымы надзеі”, арцыбіскуп падкрэсліў, што гэта “час ласкі ў надзеі”, які павінен “служыць аднаўленню адносін з Богам, самім сабой і іншымі людзьмі, каб аднавіць нашае духоўнае жыццё”. “Езус дае нам такую надзею, якой не можа даць свет, – сказаў ён. – Яна не з’яўляецца тэорыяй, а дасягаецца кожным, хто дазволіць Хрысту быць яго дарожным указальнікам і святлом”.
Іерарх дадаў, што Юбілейны год спрыяе навяртанню і паяднанню з Богам і людзьмі. Ён адзначыў, што Божая міласэрнасць праяўляецца ў сакрамэнце пакаяння і адпустах, якія можна атрымаць у юбілейных касцёлах, і што “сакрамэнтальнае паяднанне і адпусты не зменяць нашага мінулага, але могуць змяніць будучыню”.
Арцыбіскуп нагадаў, што ў хрысціянскай традыцыі надзея прадстаўляецца ў вобразе якара. “Як якар ратуе карабель падчас буры на моры, так надзея ратуе нас сярод амаральных хваляў сучаснасці. Таму хрысціянская надзея – гэта не наіўнае чаканне лепшага заўтра, а ўпэўненасць, што Бог нас не пакіне”, – патлумачыў ён.
Выкарыстоўваючы думку святога Яна Паўла ІІ, іерарх выказаў жанчынам удзячнасць за іх пакліканне і місію ў свеце і Касцёле. Ён падзякаваў “жанчыне-маці, якія ў сваім улонні носіць новае жыццё”; “жанчыне-жонцы, якая яднае свой лёс з лёсам мужа”; “жанчыне-дачцэ і жанчыне-сястры, якая ўносіць у родны дом і грамадства багацце Божай чуласці, інтуіцыі, ахвярнасці і сталасці”; “жанчыне-цешчы, якая дапамагае ў выхаванні сваіх унукаў”; “жанчыне, якая прымае ўдзел у жыцці ў грамадскай, гаспадарчай, культурнай, артыстычнай і іншых сферах”; “кансэкраванай жанчыне, якая адкрываецца на любоў Бога дзеля служэння людзям і Касцёлу”.
Арцыбіскуп завяршыў гамілію малітвай: “Божая Маці Марыя, апякуйся жанчынамі і іх місіяй у свеце. Выпрасі ў свайго Сына Езуса Хрыста ласкі і дары, патрэбныя для ажыццяўлення іх місіі. А Ты, Божа, дай нам усім ласку быць пілігрымамі надзеі, каб яна была якарам на моры выклікаў сучаснасці і компасам у пілігрымцы жыцця ў вечнасць, а мы, як сучасныя Левіі, сталі апосталамі надзеі”.
Пасля Імшы пробашч катэдральнай парафіі кс. канонік Ян Кучынскі павіншаваў жанчын і ўручыў ім кветкі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі