Дарагія браты і сёстры ў Хрысце!
Нядаўна мы адзначалі Сусветны дзень хворага, калі маліліся за ўсіх хворых і церпячых, а таксама за людзей, якія іх лечаць і апякуюцца імі. Хрыстус Пан сказаў: «Няспынна маліцеся» (1 Тэс 5, 17). Сёння прашу вас аб малітве за Папу Францішка, які, згодна з паведамленнем прэс-службы Апостальскай Сталіцы, з-за моцнай прастуды і бранхіту ўжо некалькі дзён знаходзіцца ў шпіталі. Ад імя Канферэнцыі біскупаў і ўсіх вернікаў перадаем Папу Францішку самыя цёплыя пажаданні Божай апекі і хуткага вяртання да здароўя, а таксама далейшага плённага служэння для дабра паўсюднага Касцёла і ўсяго чалавецтва. Мы падмацоўваем свае жаданні малітвай, поўнай даверу да Божай Міласэрнасці.
Няхай Маці Божая, Аздараўленне хворых, атуляе Папу сваёю апекай і дапамагае яму з даверам глядзець у будучыню.
Заахвочваем шаноўных святароў, духавенства, усіх вернікаў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, а таксама ўсіх людзей добрай волі далучыцца да малітваў за Папу Францішка аб яго выздараўленні і ўсіх неабходных ласках, каб ён як мага хутчэй вярнуўся да сваіх пастырскіх абавязкаў.
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі,
Старшыня ККББ