Skip to main content

У капліцы бл. Міхала Сапоцькі на станцыі Ашмяны адзначылі адпустовую ўрачыстасць

kaplica 115 лютага ў капліцы благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі на станцыі Ашмяны, якая знаходзіцца на тэрыторыі парафіі Апекі Маці Божай у Дайлідках (Астравецкі дэканат), прайшоў парафіяльны фэст.

Гэтая капліца – першая ў Беларусі святыня ў гонар спаведніка св. Фаўстыны Кавальскай. Праз святую Фаўстыну ў час паміж дзвюма сусветнымі войнамі Езус перадаў свету пасланне аб бязмежнай Божай Міласэрнасці.

Другая ў нашай краіне святыня пад тытулам бл. Міхала Сапоцькі будуецца ў Абухаве (дэканат Гродна-Усход). У верасні мінулага года біскуп Аляксандр Кашкевіч наведаў гэтую парафію, благаславіўшы крыж для вежы будучага касцёла. 

Урачыстасць у ашмянскай капліцы адбылася ў літургічны ўспамін бл. Міхала. Сёлета 15 лютага прыпала 50-я гадавіна з часу яго смерці.

На пачатку ўрачыстай Імшы ўсіх прысутных святароў, парафіян і гасцей сардэчна прывітаў пробашч парафіі ў Дайлідках кс. канонік Алег Шпень, які апякуецца таксама вернікамі на станцыі Ашмяны.

kaplica 7

Гамілію прамовіў пробашч парафіі св. Юды Тадэвуша ў Вішневе (Смаргонскі дэканат) кс. канонік Антоній Казлоўскі, дэкан Смаргонскага дэканату. Ён з гумарам нагадаў, як сем гарадоў Грэцыі спрачаліся, які з іх з’яўляецца радзімай славутага старажытнага паэта Гамера. “Так і з благаслаўлёным Міхалам Сапоцькам: нарадзіўся ён у Юшэўшчыне, якую называлі Навасадамі, у колішнім Ашмянскім павеце, а цяпер гэта – Валожынскі раён Мінскай вобласці”, – заўважыў святар.

Ксёндз Антоній засяродзіў увагу не толькі на постацях благаслаўлёнага Міхала і святой Фаўстыны, якія ў мінулым стагоддзі стаялі ля вытокаў культу Божай Міласэрнасці, але і на тых духоўных асобах, якія развівалі гэты культ у Беларусі.

З ліку апошніх прапаведнік узгадаў кс. прэлата Юзафа Грасевіча, які пасля знаёмства з ксяндзом Сапоцькам у міжваенны перыяд у Вільні заўсёды паўтараў, што іх сустрэча была прадбачана Богам і мела кардынальны ўплыў на яго жыццё. Калі ксёндз Юзаф быў пробашчам у Новай Рудзе (дэканат Гродна-Усход), там у касцёле св. Юрыя каля сарака гадоў захоўваўся абраз Езуса Міласэрнага, напісаны са словаў святой Фаўстыны віленскім мастаком Яўгенам Казіміроўскім. Ксёндз Міхал Сапоцька, тады выкладчык духоўнай семінарыі ў Беластоку, быў вельмі рады, калі даведаўся аб месцазнаходжанні абраза: ён разумеў, што абраз знайшоў сумленнага апекуна.

У парафіі ў Новай Рудзе ксёндз Грасевіч увёў звычай малітвы Вяночка да Божай Міласэрнасці. Акрамя таго, ён з’яўляецца заснавальнікам манаскай супольнасці сясцёр Божай Маці Міласэрнасці.

Ксёндз Антоній узгадаў таксама кс. прэлата Ежы Лявінскага, які шмат гадоў выкладаў у гродзенскай семінарыі і на чыім помніку так і напісана, што ён “распаўсюджвальнік культу Божай Міласэрнасці”.

Прапаведнік дадаў, што ксёндз Ежы быў сябрам кс. Алега Шпеня: калі апошні вучыўся ў гродзенскай семінарыі, ксёндз Лявінскі часта браў яго ў пілігрымкі, а пазней ужо сам ксёндз Алег наведваў старэйшага святара.

На заканчэнне фэсту прысутныя мелі магчымасць ушанаваць рэліквіі благаслаўлёнага Міхала.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі