8 лютага ў парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне адбылася сустрэча кіраўнікоў руху “Маці ў малітве” Гродзенскай дыяцэзіі.
Ксяндза Валерыя Пупкевіча SCJ, вікарыя гэтай парафіі, дзе служаць ксяндзы сэрцане, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй 15 студзеня прызначыў духоўным настаўнікам і мадэратарам руху “Маці ў малітве” для Гродзенскай дыяцэзіі. Прызначэнне было здзейснена ў надзеі на тое, што гэтае служэнне прынясе духоўныя плёны і дапаможа ў фарміраванні маці дыяцэзіі.
На сустрэчы сабраліся прадстаўніцы парафіяльных супольнасцяў, пры якіх дзейнічае рух: са Смаргоні, Ліды, Бярозаўкі, Шчучына, Раготна, Іўя, Крупава, Воранава, Навагрудка, а таксама Гродна. Была запрошана і каардынатар руху “Маці ў малітве” ў Беларусі Людміла Губіна з Мінска, якая не змагла прысутнічаць на сустрэчы, але духоўна ядналася з удзельнікамі. Яе прадстаўніцай была Алена Бацкалевіч з Ліды.
Сустрэча распачалася адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, якая была для ўдзельніц магчымасцю, каб на каленях, пакорліва і шчыра ўзнесці малітву за сваіх дзяцей. Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, які таксама ўдзельнічаў у сустрэчы, на працягу некалькіх хвілін разам з усімі прысутнымі маці аддаваў пашану Хрысту.
Цэнтральным момантам сустрэчы была святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі. Ксёндз Валерый Пупкевіч, які канцэлебраваў Эўхарыстыю, на яе пачатку сардэчна прывітаў усіх маці і папрасіў іерарха ўзначаліць літургію ў інтэнцыі руху. Біскуп маліўся за маці і іх дзяцей, успамінаючы таксама сваю матулю.
У разважанні над Божым словам іерарх засяродзіў увагу на “адпачынку з Езусам Хрыстом”. Ён заахвоціў усіх маці знаходзіць у штодзённым жыцці, у мітусні, клопатах, асабліва звязаных з выхаваннем дзяцей, час на “адпачынак ля Божага Сэрца”, адзначыўшы, што менавіта там можна набрацца духоўных і фізічных сіл, неабходных кожнай маці.
У працэсіі з дарамі да алтара ўдзельніцы сустрэчы прынеслі шалікі як знак сваёй прыналежнасці да руху, хлеб і віно, якія на алтары былі пераменены ў Цела і Кроў Хрыста, а таксама – сімвалічным чынам – прынеслі свае сэрцы, напоўненыя гарачай любоўю і малітвай за дзяцей.
У канцы Імшы ўдзельніцы падзякавалі біскупу за прысутнасць, Божае слова і клопат аб усіх маці, адзначыўшы, што аб гэтым клопаце сведчыць прызначэнне ім духоўнага настаўніка руху. Яны падарылі іерарху фотакалаж груп руху, якія дзейнічаюць у дыяцэзіі. Таксама яны выказалі словы падзякі і віншаванні з нагоды прызначэння ксяндзу Валерыю – свайму настаўніку на дарозе веры, пажадаўшы яму плённага служэння Богу, Касцёлу і матулям Гродзенскай дыяцэзіі.
Біскуп удзяліў жанчынам благаслаўленне на служэнне ў парафіяльных супольнасцях, а таксама здзейсніў благаслаўленне шалікаў, прынесеных імі ў ахвярных дарах. Гэтыя шалікі, відавочны знак прыналежнасці да руху, ён перадаў кожнаму з прысутных кіраўнікоў.
Спевам Эўхарыстыю ўпрыгожваў хор “Ave Maria” гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Пасля Імшы кіраўнікі руху разам з біскупам Гродзенскім сустрэліся на супольным абедзе. Гэта была добрая магчымасць падзяліцца між сабой радасцю прыналежнасці да руху. Біскуп благаславіў ежу і тых, хто яе прыгатаваў.
Пасля абеду прысутныя маглі падзяліцца досведам, уражаннямі і сведчаннямі за філіжанкай кавы. Кіраўнікі руху выказалі жаданне бліжэй пазнаёміцца з духоўным настаўнікам. Ксёндз Валерый у сваёй прамове заахвоціў іх супрацоўнічаць з Божай ласкай і паміж сабой у служэнні матулям дыяцэзіі. Да размовы далучыўся пробашч парафіі Божай Міласэрнасці кс. Ян Этэль SCJ, а таксама, з дапамогай інтэрнэту, Людміла Губіна, якая падзякавала біскупу Уладзіміру Гуляю за ўклад у развіццё руху ў Гродзенскай дыяцэзіі.
Біскуп Гродзенскі, звяртаючыся да прысутных, нагадаў, што Касцёл адзначае гэты год як Юбілейны і што дэвіз гэтага года – “Пілігрымы надзеі”. “Усе мы – пілігрымы на гэтай зямлі”, – дадаў іерарх. Усім маці ён пажадаў не стамляцца, а таксама заахвоціў прысутных наведаць у Юбілейным годзе якуюсьці з тых святыняў, якія ўстаноўлены юбілейнымі і ў якіх можна атрымаць адпуст.
Біскуп удзяліў пастырскае благаслаўленне на добры шлях развіцця руху “Маці ў малітве”, які дзейнічае ва ўсім свеце – у тым ліку ў Беларусі, таксама і ў Гродзенскай дыяцэзіі.
Кс. Валерый Пупкевіч SCJ, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Вольга Лючэк