Skip to main content

У Гродзенскай дыяцэзіі прайшоў дзень засяроджання для духавенства

skupenie swiatary 212 лютага адбыўся дзень засяроджання для святароў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі. Сустрэча прайшла ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Узначаліў сустрэчу біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, у ёй удзельнічала каля 80 святароў – дыяцэзіяльных і з манаскіх супольнасцяў.

У межах дня засяроджання адбылася канферэнцыя “Крызіс традыцыйных форм душпастырства як выклік святару нашага часу”, з якой выступіў біскупскі вікарый па справах агульнага душпастырства ў Лідскім рэгіёне кс. Віталій Сідорка.

Святар звярнуў увагу на тое, што Папа Францішак заклікае шукаць новых шляхоў парафіяльнага душпастырства і аднаўлення парафіяльнай супольнасці, заахвочвае духавенства і вернікаў да адкрытасці і місійнай творчасці.

Ксёндз Віталій дадаў, што для парафіяльнага прапаведвання застаюцца актуальнымі пастулаты паглыблення рэлігійнай свядомасці і ўмацавання рэлігійных настрояў парафіян, а таксама што святары павінны працягваць клапаціцца аб цэласнай і інтэгральнай перадачы веры, нягледзячы на новыя спробы падарваць яе праўды.

skupenie swiatary 4

Біскупскі вікарый падкрэсліў важнасць душпастырскага наведвання. Ён адзначыў, што гэта акт публічнага вызнання веры, фактар будавання парафіяльнай супольнасці, а ў наш час таксама магчымасць новай евангелізацыі, абвяшчэння Добрай Навіны.
Кульмінацыяй сустрэчы была святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі. Іерарх цэлебраваў яе ў інтэнцыі ўсіх святароў, якія служаць у дыяцэзіі, з просьбай аб іх братэрскім адзінстве.

У гаміліі, разважаючы над літургічным чытаннем дня, біскуп засяродзіў увагу на такой тэме, як сэрца. Ён заахвоціў “падпарадкоўваць голас сэрца голасу розуму і сумлення, якія, калі ў нас астынуць эмоцыі, часта ясна і выразна кажуць, што маюць іншае меркаванне, чым наша сэрца”. Іерарх нагадаў, што св. Ігнацый Лаёла называў гэты працэс “падпарадкаваннем бязладных рухаў”. “Гэта не што іншае, як выхоўваць сваё сэрца, браць адказнасць за сваё жыццё, за свае канкрэтныя ўчынкі”, – патлумачыў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.

Біскуп заклікаў святароў пастаянна навяртацца і напаўняцца Духам Святым, імкнуцца да дыялогу з Езусам, слухаць Яго. “Слухаць не эмоцыямі і пачуццямі, а сэрцам, розумам і воляй. Найглыбейшым. Мы ўбачым задуму Бога адносна нас і ўсяго свету толькі тады, калі будзем углядацца розумам і воляй”, – сказаў іерарх.
Біскуп падзякаваў духавенству за ўдзел у сустрэчы. Пасля Імшы адбыўся супольны абед.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі