Skip to main content

Надзея не падвядзе: Пасланне старшыні ККББ арцыбіскупа Станеўскага на Сусветны дзень хворага

2021 10 15 abp 000«Надзея не падвядзе» (пар. Рым 5, 5) (і ўмацоўвае нас у скрусе)

Умілаваныя браты і сёстры!

Святы Ян Павел ІІ устанавіў Сусветны дзень хворага ў 1992 годзе. Гэты дзень штогод адзначаецца 11 лютага, калі ў Касцёле ўспамінаюць першае аб’яўленне Найсвяцейшай Панны Марыі ў Люрдзе. Гэтай ініцыятывай святы Ян Павел II заклікаў вернікаў да клапатлівай салідарнасці з тымі, хто чакае нашай дапамогі і падтрымкі.

У сёлетнім пасланні на XXXIII Сусветны дзень хворага, Папа Францішак разважае пра надзею, якая ўмацоўвае ў выпрабаваннях, і заклікае да салідарнасці з тымі, хто пакутуе. Тэма надзеі набывае асаблівае значэнне ў гэты дзень, прысвечаны хворым, менавіта ў кантэксце Юбілейнага 2025 года, калі Каталіцкі Касцёл заклікае сваіх вернікаў стаць «пілігрымамі надзеі».

У сваім пасланні Пантыфік засяроджваецца на словах святога Паўла з Паслання да Рымлянаў «Надзея не падвядзе» (пар. Рым 5, 5). Папа Францішак падкрэслівае, што падчас хваробы чалавек адкрывае не толькі сваю слабасць, але і прысутнасць Бога: «Падчас хваробы мы спазнаём блізкасць і спагаду Бога, які ў Езусе падзяліў нашыя цярпенні».

Таму, згодна з першаснай інтэнцыяй святога Яна Паўла ІІ, сёлета Папа Францішак звяртае асаблівую ўвагу на значэнне салідарнасці з хворымі. Усюды, дзе людзі пакутуюць, — падкрэслівае Папа, — у бальніцах, хоспісах, у клініках ці дома, калі мы апякуемся імі, тады адзін для аднаго мы становімся «анёламі» надзеі, пасланцамі Бога; становімся «анёламі» ўсе разам: хворыя, урачы, медсёстры, сваякі, сябры, святары, манаскія асобы. Але часта і мы, апякуючыся ці наведваючы хворых, якія мужна пераносяць свае цярпенні і ахвяруюць іх Богу, вучымся не губляць надзеі.

Любыя браты і сёстры! Калі чалавек цяжка хварэе, то надыход кожнага дня ён успрымае зусім па-іншаму, успрымае як асаблівы дар Бога. І вельмі важна, як мы адносімся да сваёй хваробы. Можа, мы наракаем, ці нават паддаемся адчаю і бунтуемся супраць Бога? А можа, наадварот, аддаемся Провіду Божаму, і тады ўмацоўваецца наша вера, паглыбляюцца наш давер і адносіны з Богам... У Святым Евангеллі апавядаецца пра шматлікія прыклады аздараўлення чалавека, але заўсёды ад чалавека патрабуецца глыбокая вера. Хрыстус прыйшоў у гэты свет, каб збавіць чалавецтва і аздараўляць усяго чалавека — яго душу і яго цела. Таму Касцёл, дбаючы пра тых, хто нямоглы ці пакутуе ад хваробаў, прыходзіць з дапамогаю, удзяляючы асаблівы сакрамэнт — намашчэнне хворых. У гэтым сакрамэнце Бог дакранаецца да хворага чалавека праз Найсвяцейшы Сакрамэнт так, як чулы бацька дакранаецца да дзіцяці. Сакрамэнт намашчэння хворых, калі ў нас ёсць вера і вернасць Хрысту, дае нам магчымасць адчуць, што мы не самотныя. Гэта духоўны дотык Божай ласкі. Праз намашчэнне Бог паказвае, што ведае цябе, бачыць і хоча весці далей, моцна ўзяўшы за руку ці нават несучы нас, знясіленых хваробаю і цярпеннем, на сваіх руках…

Мае дарагія, на любым этапе і на любой стадыі жыцця ніхто з нас не можа гарантаваць, што яму не спатрэбіцца тая ці іншая дапамога бліжніх. Мы не можам быць упэўненыя, што, напрыклад, заўтра мы не захварэем, не трапім у шпіталь і не будзем вымушаныя даверыцца апецы медыкаў, нашых родных ці чужых, але чулых і неабыякавых людзей. Сумленнае прызнанне гэтай рэальнасці павінна заахвоціць нас пастарацца таксама быць салідарнымі і адкрытымі на дапамогу тым, хто цяпер хварэе ці ўжо знаходзіцца, як кажуць у народзе, на Божай пасцелі, і зрабіць усё магчымае, каб святар паспеў удзяліць ім неабходныя сакрамэнты.

Шаноўныя ўрачы і ўвесь медыцынскі персанал, чыя праца з’яўляецца няпростым і самаахвярным служэннем хворым, паважаныя родныя, сябры, святары, манаскія асобы, валанцёры і супрацоўнікі дабрачынных суполак, асабліва дабрачыннага таварыства «Карытас»! Ад імя ўсіх хворых, якім вы дапамагаеце справіцца з іх цярпеннем і хваробамі, дазвольце падзякаваць вам за клопат, падтрымку і салідарнасць і тую цеплыню, якою вы атуляеце нямоглых і тых, хто пазначаны крыжам цярпення. Жадаем вам неабходных Божых ласкаў у вашай высакароднай працы, няхай сэрцы вашы будуць напоўненыя дабрынёй і вытрымкай, бескарыслівасцю і цярплівасцю, мудрасцю і заўсёднай гатоўнасцю ратаваць жыццё.

Найсвяцейшая Панна Марыя з Люрда, заступіся за нас. Святы Яне Паўле II, маліся за нас.

З малітвай і пастырскім благаслаўленнем

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Паводле Catholic.by